2013-03-04 13:13:42

Кардынал Пупар: Папа павінен валодаць дзвюма мовамі - боскай і чалавечай


RealAudioMP3 Кардыналы-выбаршчыкі Папы будуць адчуваць подых Святога Духа, - выказаў упэўненасць у інтэрв’ю італьянскай “Corriere della Sera” кардынал Поль Пупар. Удзельнік папярэдняга канклаву, 83-гадовы пурпурат засведчыў, што, калі кардыналы ўвойдуць у Сікстынскую капэлу, іх логіка зменіцца. Ці яшчэ больш – яны адчуюць “дапамогу згары”.Ён прызнаўся, што пад скляпеннямі Сікстыны, распісанымі вялікім Мікелянжэла, ля алтару са Страшным судом не можна не адчуваць перамянення ў Духу.
Кардынал прыпомніў моманты працэдуры абрання Папы, расказаўшы, што канклаў адбываецца ў поўнай цішыні. “Кардыналы прагалошваюць толькі формулу клятвы: “Заклікаю ў сведкі Хрыста-Пана, Які мяне будзе судзіць, што мой голас дадзены таму, хто, па волі Бога, як лічу, павінен быць абраны”, - расказаў французскі кардынал. Былы старшыня адразу дзвюх Папскіх рад: “па дыялогу з няверуючымі”, якая ад 2006 г. атрымала назву “па міжрылігійнаму дыялогу”, і “па культуры”, усёй дзейнасцю і жыццём сцвярджаў, што кожны дыялог павінен засноўвацца на каштоўнасцях культуры. Кардынал мяркуе, што крызіс еўрапейскай цывілізацыі і культуры можа паспрыяць таму, што будзе абраны Папа – не еўрапеец.
На пытанне – колькімі мовамі павінен валодаць новы Пантыфік, кардынал Пупар з упэўненасцю адказаў: дзвюма роднымі – Божай і чалавечай. “Сёння адзіная мова, якая можа крануць усіх – гэта мова сардэчнасці”сказаў кардынал Поль Пупар.








All the contents on this site are copyrighted ©.