2013-03-03 11:13:08

Першая нядзеля без малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра


RealAudioMP3 Пасля адмаўлення Бэнэдыкта XVI ад служэння на пасадзе Рымскага Пантыфіка, 3 сакавіка – першая нядзеля без традыцыйнай малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. За 8 гадоў свайго Пантыфіката Бэнэдыкт XVI праводзіў яе 455 разоў. Сустрэчы з нагоды марыйнай малітвы, былі для Пантыфіка, цудоўнай нагодай, каб прадставіць вернікам кароткія разважанні аб фундаментах хрысціянскай веры. Першая такая сустрэча адбылася 1 маі 2005 г. Як і наступныя дзве, яны праходзілі з нагоды малітвы “Regina Caeli”, якая замяняе “Анёл Панскі” у пасхальны перыяд. Разважанні Святога Айца, тады былі прысвечаны Дню працы, Сусветнаму дню масавай камунікацыі і іншым тэмам. Але 22 мая 2005 г. Бэнэдыкт XVI надаў сустрэчам новую форму – цяпер Папа звяртаўся да вернікаў з разважаннем нашкталт кароткай гаміліі, прысвечанай фрагменту нядзельнага Евангелля, які чытаецца падчас літургіі. Такім чынам Бэнэдыкт XVI стаў сапраўдным “пробашчам” для міліёнаў людзей, які слухалі яго каментары пад вокнамі Апостальскага палацу, праз тэлебачанне, радыё ці інтэрнэт.

У тым, першым разважанні, якое было прысвечана ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, Бэнэдыкт XVI адразу прапанаваў вернікам пазнаёміцца з цэнтрам хрысціянскай веры і сваёй уласнай духоўнасці. Папа сказаў: “Словы, якія абагульняюць ўсё Адкрыццё – Бог ёсць любоў”. Імкнучыся данесці гэту праўду да як можна большай колькасці людзей, менавіта ёй Бэнэдыкт XVI прысвяціць сваю першую энцыкліку “Deus caritas est”.

У сваім першым разважанні перад “Анёл Панскі” Папа тлумачыў, што чалавек можа рэалізаваць самаго сябе толькі ў любові, і на гэта ўказвае прырода Бога. “Хрысціянская тэалогія абагульняе праўду аб Богу такім выразам: Адзіны ў трох Асобах. Бог, гэта не адзінота, але дасканалая еднасць. Таму чалавек, вобраз Бога, рэалізуецца ў любові, якая з’яўляецца поўным дарам самаго сябе”, - казаў ён.

У тым жа разважанні, Бэнэдыкт XVI вызначыў наступны аспект, які стаў фундаментальным у яго дзейнасці на пасадзе св. Пятра: неабходнасць захавання жывой веры перад абліччам культуры гэтага свету.

“Кожная парафія паклікана нанова адкрыць прыгажосць нядзелі, дня Пана, у які вучні Хрыста ў Эўхарыстыі абнаўляюць адзінства з Тым, Хто дае сэнс радасцям і цяжкасцям штодзённасці. “Без нядзелі мы не можам жыць”: аб гэтым сведчылі першыя хрысціяне, нават коштам уласнага жыцця. Таксама і мы пакліканы паўтараць гэта сёння”, - казаў ён.

Падчас адной з апошніх сустрэч Бэнэдыкт XVI запэўніў, што ў малітве заўсёды будзе блізка з вернікамі. Нават сёння, нягледзячы на тое, што ніхто не прывітае пілігрымаў з вакна Апостальскага палацу, Касцёл будзе падтрыманы сілай малітвы “Анёл Панскі”, якой настаўнік веры, асабіста звяртаецца да Бога за сценамі рэзідэнцыі ў Кастэль Гандольфа.








All the contents on this site are copyrighted ©.