Вернікі Кастэль Гандольфа мараць сустрэцца з Бэнэдыктам XVI
Сотні вернікаў сабраліся
3 сакавіка перад Апостальскім палацам у Кастэль Гандольфа, у якім знаходзіцца Бэнэдыкт
XVI. Пілігрымы сабраліся тут, каб памаліцца за яго і Касцёл у гэтыя асаблівыя дні.
Пробашч мясцовай парафіі, кс. Пьетра Дзілецці падзяліўся, што парафіяне моляцца за
Папу прыватна і на св. Імшы, хоць падчас яе больш не ўзгадваецца імя Бэнэдыкта XVI.
Святар адзначыў, што мясцовае насельніцтва рада блізкай прысутнасці Папы, хоць ужо
і на пенсіі, а таксама спадзяецца нейкім чынам сустрэцца з ім. “Гэта вялікая радасць
– ведаць, што ён тут, як і для яго самаго. Ён адразу сказаў: “Як мне радасна быць
сярод вас”. Такім чынам, ён выразіў пачуцці, якія і мы маем у адносінах да яго. Мы
спадзяемся і марым, што будзе магчымасць сустрэць яго нейкім чынам... Не ведаем яшчэ,
як будуць адбывацца падзеі, але канешне, такое жаданне маюць усе: таксама і сёння,
многія парафіяне яго выразілі”, - сказаў святар.
Кс. Дзілецці падзяліўся сваімі
прыватнымі ўспамінамі пра Бэнэдыкта XVI. Ён расказаў, што аднойчы быў запрошаны на
сняданак з Пантыфікам, падчас якога апошні цікавіўся многімі рэчамі, не толькі тэалагічнымі.
Бэнэдыкта XVI цікавіла жыццё людзей, ці наследуюць яны душпастрыскія ўказанні, ці
ўдзельнічаюць у жыцці парафіі. Узгадваючы іншы выпадак, святар расказаў, што аднойчы,
калі Папа прыехаў у Кастэль Гандольфа на адпачынак, падыйшоў да яго, узяў за рукі
і сказаў: “Вось, наш дарагі пробашч”. На што кс. Дзілецці жартуючы адказаў: “А вось
наш дарагі парафіянін, які не вельмі часта прыходзіць...”. “Гэта два факта, якія паказваюць
яго увагу, пяшчотнасць, спосаб размаўляць, чалавечнасць, якія сталі ўпоўні відавочнымі
ў гэтыя апошнія дні”, - сказаў кс. Дзілецці.