2013-03-02 12:05:13

Кc. Ламбардзі: развітанне ў надзеі


RealAudioMP3 “Апошнія два дні пантыфікату Бэнэдыкта XVI, вядома, захаваюцца ў памяці многіх людзей і пазначаць важны, новы і беспрэцэдэнтны этап у гісторыі пілігрымуючага Касцёла“, - адзначыў кс. Фэдэрыка Ламбардзі ў сваёй аўтарскай рубрыцы ў эфіры Ватыканскага радыё. Паводле кіраўніка Залы Друку для многіх вернікаў чалавечнасць і духоўнасць Папы стала амаль адкрыццём, а для іншых - пацьвярджэннем яго сціпласці і моцнага жыцця верай.

“Калі Ян Павел ІІ з мужнасцю выявіў свету сведчанне веры ў пакутах хваробы, то Бэнэдыкт XVI не з меншай адвагай засведчыў перад Богам абмежаванні старасці і немагчымасць адказнага выконваня абавязкаў, якія Бог усклаў на яго”, - адзначыў дырэктар нашага радыё і дадаў, што абодва Пантыфікі паказалі нам, не толькі сваім вучэннем, але магчыма нават яшчэ больш самім сваім жыццём тое, што значыць штодзённа шукаць і знаходзіць Божую волю, нават у найбольш складаных момантах чалавечага існавання. Італьянскі езуіт упэўнены ў тым, што Бэнэдыкт ХVI з пакорай і спакоем намагаўся “рабіць усё магчымае” , каб добра служыць Касцёлу, які не з’яўляецца яго, але Бога і які праз пастаяннае дзеянне Святога Духа “жыве, расце і абуджаецца ў душах”.

Паводле кс. Ламбардзі ў гэтым сэнсе спадчына, якую пакінуў нам Бэнэдыкт ХVI заклікае ўсіх да малітвы і адказнасці. “Перш за ўсё, за кардыналаў, якія маюць сваім заданнем выбраць новага Наступніка св. Пятра, але таксама і за ўвесь Касцёл, які павінен суправаджаць малітвай разважнасць выбаршчыкаў новага Папы для эфектыўнага абвяшчэння Евангелля “на дабро Касцёла і чалавецтва”, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду і дадаў, што ніякі Пантыфік не можа рабіць гэтага сам. Ён сказаў, што ўсе мы павінны дапамагаць у гэтым новаму Папе, а “Папа на пенсіі”, будзе суправаджаць нас “сваім сэрцам, любоў’ю, малітвай і разважаннямі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.