2013-03-01 14:24:43

Бэнэдыкт XVI адпачывае і шмат моліцца


RealAudioMP3 28 лютага, у 20.00, з пачаткам перыяду “sede vacante” камерленга, якім з’яўляецца кардынал Тарчызіа Бэртонэ, запячатаў папскія апартаменты ў ватыканскім Апостальскім палацы. Аб гэтым расказаў журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі падчас брыфінгу, які адбыўся 1 сакавіка ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы. Журналістам было прапанавана таксама паглядзець чатыроххвілінны відэазапіс гэтай падзеі падрыхтаваны Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам. Кіраўнік Залы Друку паведаміў, што 1 сакавіка віцэ-камерленга апячатаў апартаменты Папы ў Латэранскім палацы, а яшчэ 28 лютага, у 20.01, Дзяржсакратарат скіраваў пасланне да ўсіх папскіх прадстаўнікоў, каб абвясціць пачатак перыяду “sede vacante”. Езуіт расказаў, што паразмаўляў з арцыбіскупам Георгам Генсвайнам, асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI. Ён паведаміў, што Папа, паглядзеў вячэрнія навіны па тэлебачанні і быў рады прысутнасці вялікай колькасці вернікаў і пілігрымаў, якія сабраліся, каб развітацца з ім. Кс. Ламбардзі падзякаваў прадстаўнікам СМІ за добра зробленую працу.

Арцыбіскуп Генсвайн таксама падзяліўся з кіраўніком Залы Друку, што пасля вечары Бэнэдыкт XVI здзейсніў кароткую прагулку па дворыку Апостальскага палацу ў Кастэль Гандольфа. Раніцай 1 сакавіка ён цэлебраваў св. Імшу, а потым маліўся. Каля 16.00 Бэнэдыкт XVI запланаваў прагулку па садах летняй рэзідэнцыі, падчас якой памоліцца ружанцовай малітвай. Кс. Ламбардзі расказаў, што Папа ўзяў з сабой дыскі з любімай класічнай музыкай, а таксама некалькі кніг, сярод якіх праца тэолага Ганса Урса Бальтазара “Тэалагічная эстэтыка”. Акрамя таго, паводле апавядання арцыбіскупа Генсвайна, на працягу апошніх дзён Бэнэдыкт XVI некалькі разоў граў на фартэпіяна.








All the contents on this site are copyrighted ©.