2013-02-26 15:10:28

Папа будзе насіць імя Бэнэдыкт XVI, а пярсцёнак Рыбака будзе знішчаны


RealAudioMP3 Святы Айцец і надалей будзе насіць імя “Яго Святасць Бэнэдыкт XVI”, а таксама ў адносінах да яго, будзе ужывацца тытул “Папа на пенсіі” ці “Рымскі Пантыфік на пенсіі”. Аб гэтым 26 лютага расказаў журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён таксама адзначыў, што Папа будзе хадзіць у простай, белай вопратцы без пелерыны. Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI не будзе насіць папскія чырвоныя туфлі. Таксама кіраўнік Залы Друку распавёў, што пярсцёнак Рыбака Бэнэдыкт XVI больш насіць не будзе. Гэты сімвал папскай улады будзе знішчаны камерленгам, разам з дэканам Калегіі Кардыналаў, як прадугледжана спецыяльнымі дакументамі. 1 сакавіка, паводле кс. Ламбардзі, апошні скіруе ліст аб скліканні кардыналаў. Аднак, хутчэй за ўсё працы кангрэгацый не будуць праходзіць у суботу і нядзелю. Такім чынам, кіраўнік Залы Друку адзначыў, што кангрэгацыі могуць пачацца 4 сакавіка. У перыяд іх правядзення будзе дадзена дакладная інфармацыя аб колькасці прысутных кардыналаў, і колькасці тых, хто прыняў прысягу. Паводле езуіта, кардыналы не будуць жыць у Доме св. Марты перад пачаткам канклаву.

Кс. Ламбардзі расказаў, што 26 лютага Папа праводзіць у малітве і падрыхтоўцы да пераезду ў Кастэль Гандольфа. Езуіт адзначыў, што на апошнюю агульную аўдыенцыю з Пантыфікам было распаўсюджана 50 тыс. білетаў. Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што яна пройдзе ў звычайнай форме, за выключэннем таго, што пасля яе не прадугледжана прыватнае прывітанне для некаторых гасцей прысутных на аўдыенцыі. Кароткая сустрэча Святога Айца прадстаўнікамі некаторых краін пройдзе пасля заканчэння аўдыенцыі ў Клеменційскай Зале Апостальскага палаца.








All the contents on this site are copyrighted ©.