2013-02-23 15:07:22

Пачатак пантыфікату будзе адзначаны зменамі ў абрадах


RealAudioMP3 18 лютага Бэнэдыкт ХVI зацвердзіў некаторыя змены ў “Ordo rituum pro ministerii Petrini initio Romae Episcopi”, - рытуале, які змяшчае парадак цэлебрацый на пачатак служэння новаабраных Пантыфікаў. Кс. прэлат Гвіда Марыні, кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый, паясніў у інтэрв’ю сённяшняй “L’Osservatore Romano”, што змены датычаць галоўным чынам інаўгурацыі новага Біскупа Рыма, якая звычайна адбываецца на плошчы св. Пятра, і яго ўваходу на Пасад св. Пятра ў базыліцы св. Яна на Латэране. З гэтага моманту ўсе тыповыя для гэтых абрадаў жэсты будуць здзяйсняцца па-за самой цэлебрацыяй св. Імшы і адбудуцца ў асноўным перад ёй. Папскі цэрымонімайстар удакладніў, што “акт паслушэнства” будуць здзяйсняць усе кардыналы, прысутныя на інаўгурацыйнай цэлебрацыі.

Паводле кс. Марыні, таксама наступілі некаторыя змены ў часе візіту новага Папы ў двух рымскіх базыліках: св. Паўла за Мурамі і Санта Марыя Маджорэ. Цяпер новы Пантыфік можа наведаць іх у найбольш спрыяльны для яго момант, нават па прашэсці значнага перыяду пасля свайго абрання і ў форме, якую палічыць найбольш адпаведнай, - адзначыў кіраўнік Службы папскіх літургічных цэлебрацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.