2013-02-23 11:50:17

Папа на заканчэнне рэкалекцый у Ватыкане: праўда і прыгажосць ідуць рука аб руку


RealAudioMP3 У Ватыкане 23 лютага завяршыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў Рымскай курыі, у якіх браў удзел Бэнэдыкт XVI. Менавіта ён выступіў на заканчэнне духоўных практыкаванняў са словамі падзякі кардыналу Джанфранка Равазі за іх правядзенне. Святы Айцец звярнуў увагу на тэму рэкалекцый: “Мастацтва верыць, мастацтва маліцца” (лац. Ars orandi, ars credendi) і нагадаў, што сярэднявечныя тэолагі тлумачылі слова “Logos”, адносячы яго да Бога, не толькі як “verbum”, але і як “ars”: “verbum” і “ars” з’яўляюцца ўзаемазаменнымі, падкрэсліў Папа. Толькі два гэтыя тэрміны разам для сярэднявечных тэолагаў адлюстроўвалі ўвесь сэнс слова “Logos”. “Logos” – гэта не проста матэматычная прычына: “Logos” мае сэрца; “Logos” – гэта таксама любоў. Ісціна прыгожая, праўда і прыгажосць ідуць рука аб руку: прыгажосць прыпячатвае ісціну”, - падзяліўся сваімі разважаннямі Бэнэдыкт XVI.

Папа заўважыў, што зло пастаянна імкнецца забрудзіць стварэнне, каб супярэчыць Богу і змагацца з Яго ісцінай і Яго прыгажосцю. “У свеце, адзначаным злом, “Logos” – вечная прыгажосць і вечнае “ars”, змушаны выглядаць як “caput cruentatum” (акрываўленая галава)”, - сказаў Святы Айцец, спачылаючыся на цярпенні Езуса, і дадаў, што ў пакутах Сына Божага мы пачынаем бачыць самую глыбокую прыгажосць нашага Створцы і Збавіцеля”. “Вера ёсць ні што іншае, як дотык да рукі Бога ў цемры свету, і так, у цішыні, слухаючы Слова, бачыць любоў”, - перакананы Пантыфік.

Бэнэдыкт XVI падзякаваў супрацоўнікам Рымскай курыі за восем гадоў сумеснай працы, за іх кампетэнтнасць, стараннасць, любоў і веру, з якімі яны выконвалі свае абавязкі. Святы Айцец паабяцаў, што будзе знаходзіцца з усімі ў духоўнай блізкасці і малітоўнай камуніі. “З гэтай упэўненасцю мы ідзём наперад, упэўненыя ў перамозе Бога, упэўненыя ў праўдзе, прыгажосці і любові”, - заключыў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.