2013-02-22 14:22:52

Ідзе падрыхтоўка Сікстынскай капэлы да канклаву


RealAudioMP3 У чаканні канкрэтнай даты пачатку выбараў новага Папы, у месцы іх правядзення – Сікстынскай капэле – ідзе падрыхтоўка да канклаву. Як расказаў інжынер Паола Сагрэці – папскі фларыст, адказны за лагістыку пантыфікальных мерапрыемстваў, працы ў ёй вядуць 40 чалавек. Ён запэўніў, што ніякая дэталь не застанецца па-за ўвагай. Афармленне будзе падобным на тое, якое было на папярэднім канклаве, у 2005 г.

Паводле інжынера, у капэле будзе ўсталявана 117 крэслаў, перад імі – 12 сталоў натуральнага дрэва, пакрытых бежавым і бардовым палатном. Перад алтаром будзе стаяць драўляная скрыня, у якую падчас галасавання кардыналы будуць апускаць карткі з імёнамі кандыдатаў, непадалёк размесціцца стол з разгорнутым Евангеллем. Сагрэці прызнаўся таксама, што ўжо падрыхтаваны дзве спалучаныя печкі для палення картак з імёнамі. Менавіта іх дым, а дакладней яго колер, будзе абвяшчаць аб выніках галасавання кардыналаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.