2013-02-21 12:28:22

Бэнэдыкт XVI – Папа экуменізму і паглыблення міжрэлігійных адносін


RealAudioMP3 Экуменічная дзейнасць была адным з самых важных аспектаў пантыфіката Бэнэдыкта XVI. За амаль 8 гадоў свайго служэння на Пасадзе св. Пятра Папа імкнуўся паглыбіць дыялог з прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх канфесій і здзейсніў некалькі вялікіх крокаў у гэтым накірунку. Падчас візіту ў Стамбул Бэнэдыкт XVI сустракаўся з Экуменічным Патрыярхам Барталамеем І, а затым неаднаразова прымаў яго ў Рыме. Ён прыкладаў намаганні па развіцці больш дынамічных адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой. Акрамя таго, менавіта Бэнэдыкт XVI стаў першым у гісторыі Папам, які наведаў аўгустыніянскі кляштар у Эрфурце, у якім калісьці жыў Марцін Лютэр.

Перамагаючы цяжкасці і непаразуменні, Бэнэдыкт XVI прыкладаў вялікія намаганні для ўстанаўлення дыялога з прадстаўнікамі іншых рэлігій, у першую чаргу мусульманамі. Адна з цытат аб ісламе, выкарыстаная падчас лекцыі ў Рэгенсбургскім універсітэце ў верасні 2006 г., выклікала негатыўную рэакцыю у мусульманскім свеце. Праз некалькі дзён, Бэнэдыкт XVI патлумачыў, свае намеры: “Мая інтэнцыя была зусім адваротнай: абапіраючыся на тое пазітыўнае, што затым сказаў Мануіл ІІ, на вельмі прыгожыя словы аб разважлівасці, якая павінна кіраваць перадачай веры, я хацеў патлумачыць, што не розум і насілле, але рэлігія і розум ідуць побач”, - патлумачыў Папа.

Гэтыя словы не засталіся непачутымі ў ісламскім свеце. Праз некаторы час 38 рэлігійных ісламскіх лідэраў, колькасць якіх затым вырасла да 216, падпісалі адкрыты ліст да Папы, у якім выразілі сваё імкненне спрыяць добрым адносінам паміж хрысціянамі і мусульманамі. Пацвярджэннем гэтага ўзаемнага жадання стаў візіт Бэнэдыкта XVI у знакамітую Блакітную мячэць у Стамбуле.

Не менш значныя дасягненні былі зроблены ў развіцці дыялога з юдаізмам.Бэнэдыкт XVI стаў першым у гісторыі Папам, які наведаў сінагогу ў Германіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.