2013-02-21 15:05:48

Бліжэйшыя планы Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі падзяліўся з журналістамі інфармацыяй пра бліжэйшыя планы Бэнэдыкта XVI. Кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы адзначыў, што 23 лютага Папа прыме на прыватнай аўдыенцыі Прэзідэнта Італіі Джорджыа Напалітана. 24 лютага Святы Айцец апошні раз у якасці Пантыфіка ўзначаліць малітву “Анёл Панскі”, а 27 лютага правядзе апошнюю агульную аўдыенцыю. Яна пройдзе на плошчы св. Пятра, па якой Святы Айцец праедзе на папамабілі, каб павітаць вернікаў. 28 лютага, у апошні дзень свайго пантыфікату, Папа сустрэнецца з кардыналамі, прысутнымі ў Рыме і асабіста павітае кожнага з іх. “Гэта не будзе фармальная сустрэча з прамовай, але выключна асабістае развітанне”, - сказаў кс. Ламбардзі і дадаў, што з гэтай сустрэчы будзе ажыццяўляцца прамая тэлевізійная трансляцыя. Паводле кіраўніка Залы Друку, 28 лютага каля 17.00, Папа на верталёце пакіне Ватыкан. Цырымонія развітання таксама будзе трансліравацца ў прамым эфіры па тэлебачанні. Ужо па прыбыцці ў Кастэль-Гандольфа, з лоджыі Апостальскага палацу, Бэнэдыкт XVI прывітае сабраных на плошчы вернікаў.

Гаворачы пра дату пачатку канклава, Кс. Ламбардзі адзначыў, што яна будзе вызначана падчас кангрэгацыі кардыналаў у перыяд “sede vacante”.

Кіраўнік Залы Друку нагадаў, што 22 лютага заканчваецца тэрмін, які быў вызначаны святарскаму Брацтву св. Пія Х для тлумачэння сваёй пазіцыі па пытанні поўнага адзінства з Касцёлам. Пасля яго заканчэння, вырашэнне сітуацыі вакол гэтай супольнасці будзе перададзена ў кампетэнцыю наступнага Пантыфіка.

Кс. Ламбардзі абверг навіны некаторых СМІ, у якіх сцвярджалася, што Пантыфік правядзе сустрэчу з камісіяй кардыналаў, адказных за расследаванне крадзяжу дакументаў Папы. Таксама не адпавядаюць рэчаіснасць навіны пра тое, што Святы Айцец сустрэнецца з групай славацкіх вернікаў у базыліцы Санта Марыя Маджорэ. “Чытаючы гэтыя артыкулы, можна зразмець, што тыя хто іх піша, не кампетэнтныя ў ватыканскіх справах”, - сказаў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.