2013-02-19 10:51:00

Кардынал: каталіцкасць выключае нацыянальныя крытэрыі падчас абрання Папы


RealAudioMP3 Адзінства кардыналаў – гэта адзін з самых значных элементаў будучага канклаву, лічыць кардынал Джузэпэ Версальдзі, адзін з яго ўдзельнікаў. “Адзінства не выключае адрозненняў, але апошнія не нішчаць адзінства, калі яно мае выразны пункт адліку, якім ёсць Хрыстус і карысць яго Касцёла”, - заявіў кіраўнік Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы ў інтэрв’ю італьянскай “Il Messaggero”. “Я не сумняваюся, што ўсе кардыналы адзіныя ў гэтым пытанні”, - дадаў ён.

Кардынал Версальдзі перакананы, што перад новым Пантыфікам будзе стаяць задача, падобная да той, якая стаяла перад Бэнэдыктам XVI – стратэгія новай евангелізацыі, што вызначыў апошні Сінод Біскупаў, а таксама пастановы ІІ Ватыканскага Сабору, таго “рэальнага”, а не “віртуальнага”, нагадаў кардынал нядаўнюю прамову Папы да рымскага духавенства.

Іерарх супраць геаграфічных або нацыянальных крытэрыяў падчас выбару новага Пантыфіка. “Крытэрыі, якімі павінны кіравацца кардыналы, гэта здольнасць будучага Папы выконваць універсальнае служэнне Касцёла, незалежна ад паходжання”, - адзначыў кардынал Версальдзі і дадаў, што “у глабалізаваным свеце, было б недарэчна, каб Каталіцкі Касцёл (г.зн. універсальны) прымаў нацыяналістычную палітыку”.

Кіраўнік Прэфектуры эканамічных спраў звярнуўся непасрэдна да сферы, за якую ён адказвае ў Апостальскай Сталіцы. У яго ёсць адчуванне, што абвінавачванні эканамічнага характару ў бок Святога Пасаду неабгрунтаваныя і недаказаныя. На дадзеным этапе Касцёл займаецца аднаўленнем сваёй эканамічнай і фінансавай сістэмы ў адказ на неабходнасць забеспячэння празрыстасці і даверу да сябе. Сур’ёзныя міжнародныя інстытуты прызналі прагрэс у гэтым працэсе, “і я ўпэўнены, што новы Пантыфік у гэтым дапаможа”, - сказаў кардынал.

Іерарх адказаў і тым, хто лічыць, што Касцёл знаходзіцца ў заняпадзе. “Песімістычны погляд не адпавядае веры ў Пана, Які абяцаў сваю дапамогу, каб Яго ворагі “не перамаглі”, - адзначыў кардынал Версальдзі. Ён заўважыў, што хоць на Захадзе існуе крызіс, астатні свет “адзначаецца адраджэннем хрысціянскіх супольнасцяў”. Ён нагадаў колішнія словы кардынала Ратцынгера, які заклікаў не падманывацца вялікай колькасцю хрысціян у мінулых стагоддзях, бо нават тады пасярод вялікага натоўпу была “адносна невялікая група сапраўдных вернікаў з аўтэнтычным пачуццём веры”. “Вера слабая або толькі знешняя не вытрымлівае з культурай і свецкім грамадствам”, - перакананы кіраўнік Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы.

Кардынал Версальдзі быў прызначаны 18 лютага Бэнэдыктам XVI папскім дэлегатам для Інстытуту Сыноў Беззаганнага Зачацця, манаскай супольнасці, якая займаецца медыцынскімі ўстановамі. Як паведаміла Зала Друку, Святы Айцец даручыў кардыналу ажыццявіць “эканамічнае аздараўленне” гэтага інстытуту.







All the contents on this site are copyrighted ©.