2013-02-18 12:37:37

Сусветная ўвага да артыкула біёграфа Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Артыкул нямецкага журналіста Пітэра Зеевальда аб яго апошняй сустрэчы з Бэнэдыктам XVI, надрукаваны 16 лютага ў нямецкім выданні “Focus”, атрымаў вялікі рэзананс у сусветным друку. Яго поўны тэкст у перакладзе змясцілі на сваіх старонках многія выданні. На яго таксама звярнуў увагу падчас апошняга брыфінгу кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду, які падкрэсліў, што інфармацыя, прадстаўленая журналістам, праўдзівая і грунтуецца на матэрыялах сустрэч з Бэнэдыктам XVI у рамках падрыхтоўкі яго біяграфіі. Пітэр Зеевальд распавёў, што сустрэў Святога Айца аслабленым гадамі насычанага падзеямі і нялёгкага пантыфікату. На пытанне журналіста: “чаго яшчэ можна чакаць” ад Папы, апошні адказаў: “Ад мяне? Няшмат! Я стары чалавек і сілы мяне пакінулі. Думаю, дастаткова таго, што я зрабіў”. Каментуючы ўжо тады магчымасць адмаўлення ад пасаду св. Пятра Бэнэдыкт XVI сказаў: “Усё залежыць ад маіх фізічных сіл”.

Між іншым журналіст назваў Папу “радыкальным вернікам, які ў радыкальнасці сваёй веры карыстаецца не мячом, але іншай, больш моцнай зброяй: сілай пакоры, прастаты і любові”. Ён падрэсліў, што нягледзячы на складанасці і шматлікія правакацыі супраць Святога Айца “ніхто ніколі не чуў, каб ён наракаў”. “Ніхто не чуў, каб з яго вуснаў выйшла кепскае слова ці негатыўны каментар пра іншых людзей”, - адзначыў журналіст.

Пітэр Зеевалд звярнуў увагу на тое, што апошняй вялікай падзеяй, у якой прыняў удзел Папа, была св. Імша ў Папяльцовую сераду. Гэта, на яго думку, невыпадкова: Святы Айцей нібыта хацеў паказаць, што вёў да гэтай падзеі на працягу ўсяго свайго служэння. На думку журналіста, гэта заклік да навяртання, духоўнай свежасці, вызвалення ад непатрэбнага цяжару, што павінна стаць праграмай Касцёла на будучыню.








All the contents on this site are copyrighted ©.