2013-02-18 14:45:20

Спадчына Бэнэдыкта XVI – Касцёл належыць да Хрыста


RealAudioMP3 Да заканчэння пантыфікату Бэнэдыкта XVI застаецца 10 дзён. 28 лютага Папа правядзе свой апошні дзень у папскіх пакоях Апостальскага палацу. Затым, пасля прабывання ў Кастэль-Гандольфа, ён паселіцца ў кляштары на тэрыторыі Ватыкана, каб маліцца аб дабры Касцёла. “Для дабра Касцёла” – так Папа патлумачыў сваё рашэнне пакінуць Пасад св. Пятра. Аб адданасці гэтаму ідэалу ён шмат разоў сведчыў на працягу свайго пантыфіката і асабліва ў яго апошнія дні. Дабро Касцёла для яго важнае перш за ўсё таму, што Касцёл належыць не нам і нават не Наступніку св. Пятра. Касцёл – належыць да Хрыста. Аб гэтым Святы Айцец казаў падчас агульнай адыенцыі 13 лютага 2013 г.“ Я зрабіў гэта ў поўнай свабодзе для дабра Касцёла, пасля таго, як доўга маліўся і здзейсніў перад Богам рахунак сумлення (...) Мяне падтрымлівае і асвятляе перакананне, што Касцёл належыць да Хрыста, які ніколі не дазволіць, каб яму не хапала кіраўніцтва і клопату”, - казаў Папа.

Паводле Бэнэдыкта XVI, калі Касцёл належыць да Хрысту, тады падзелы і эгаістычныя імкненні да дамінавання з’яўляюцца проста непрымальнымі. На самым пачатку Вялікага посту, у Папяльцовую сераду, ён сказаў, што неабходна пачынаць з адмаўлення ад зла. “Я асабліва думаю аб грахах супраць адзінства Касцёла, падзелах цела Касцёла”, - сказаў ён і дадаў, што калі Вялікі пост пройдзе ў “відавочным касцёльным адзінстве” – гэта будзе “пакорным і каштоўным знакам, для тых, хто далёкі ад веры ці абыякавы да яе”.

Таксама ў апошнія дні свайго пантыфікату Папа даў нам заданне на будучыню: слухаць Божае слова і дазволіць Яго волі весці нас. “Касцёл, Маці і Настаўніца, кліча ўсіх сваіх членаў духоўна абнавіцца, рашуча звярнуцца да Бога, адчужаючы пыху і эгаізм, для таго, каб жыць у любові. Гэты Год веры, Вялікі пост – час асабліва спрыяльны для адкрыцця веры ў Бога, у якасці базавага крытэрыя нашага жыцця і жыцця Касцёла”, - сказаў Святы Айцец. Паводле Бэнэдыкта XVI, новая эра хрысціянства пачнецца са звароту вернікаў да самай цэнтральнай падзеі – сустрэчы з Езусам. Менавіта да гэтага Папа заклікае Касцёл, асабліва ў гэтыя дні.








All the contents on this site are copyrighted ©.