2013-02-17 12:25:55

Папа перад “Анёл Панскі”: Езус – рука Бога, працягнутая чалавеку (поўны тэкст)


RealAudioMP3 У самыя важныя моманты жыцця, добра ўсведамляць, што мы становімся перад абліччам пытання: хочам ісці за сабой ці за Богам? На гэта звярнуў увагу Бэнэдыкт XVI у сваім разважанні перад традыцыйнай нядзельнай малітва “Анёл Панскі”, якая прайшла 17 лютага на плошчы св. Пятра. Святы Айцец заклікаў вернікаў не баяцца ўступіць у барацьбу з духам зла і памятаць, што важна гэта рабіць з Хрыстом, Пераможцам. “Дарагія браты і сёстры, – прывітаў вернікаў Папа, – у мінулую сераду, праз традыцыйны абрад пасыпання галоў попелам, мы ўвайшлі ў перыяд Вялікага посту – час навяртання і перапрашэння на шляху падрыхтоўкі да Пасхі. Касцёл, які з’яўляецца маці і настаўніцай, кліча ўсіх сваіх членаў духоўна абнавіцца, рашуча звярнуцца да Бога, адкідаючы пыху і эгаізм, для таго, каб жыць у любові. У гэты Год веры, Вялікі пост – гэта час асабліва спрыяльны для адкрыцця веры ў Бога, у якасці базавага крытэрыя нашага жыцця і жыцця Касцёла. Гэта заўсёды прадугледжвае барацьбу, духоўнае змаганне, таму што дух зла, канешне, супрацьстаіць нашаму асвячэнню і спрабуе адвесці са шляху Божага. Таму, у першую нядзелю Вялікага посту, кожны год абвяшчаецца Евангелле аб спакушэннях Езуса на пустыні.

Езус, пасля таго як атрымаў “інвестытуру”, як Місія – “намашчаны” Святым Духам праз хрост у Іардане, быў Ім прыведзены на пустыню, каб сустрэцца са спакусамі сатаны. На самым пачатку публічнага служэння, Езус павінен быў выкрыць і разбурыць фальшывыя вобразы Месіі, якія спакусіцель яму прапаноўваў. Але гэтыя спакусы, былі таксама фальшывымі вобразамі чалавека, які ў любы час здраджвае сумленню, прымаючы зручныя і эфектыўныя прапановы, нават добрыя. Евангелісты Мацвей і Лука апісваюць тры спакусы Езуса, змяняючы толькі іх парадак. Галоўны сэнс гэтых спакусаў заключаўся ў тым, каб інстрыменталізаваць Бога для ўласных мэтаў, надаючы важнасць поспеху ці матэрыяльным дабротам. Спакусіцель подлы: ён не прама падштрухоўвае да зла, але праз добрыя ўчынкі, дазваляючы думаць, што сапраўдная рэальнасць – гэта ўлада і то, што задавальняе першасныя патрэбы. Такім чынам, Бог становіцца на другое месца, пераўтвараецца ў сродак, становіцца нерэальным, не важным і знікае. Нарэшце, у спакусах, на кон пастаўлена вера, таму што усё верціцца вакол пытання аб Богу. У самыя важныя моманты жыцця, добра ўсведамляць, што мы становімся перад абліччам пытання: хочам ісці за сабой ці за Богам? Выбярэм уласныя інтарэсы ці праўдзівае дабро, тое, што па-сапраўднаму з’яўляецца добрым?

Як навучаюць Айцы Касцёла, спакусы з’яўляюцца часткай “прыніжэння” Езуса, да нашага чалавечага стану, да прорвы граху і яго наступстваў. “Прыніжэнне”, якое Езус прайшоў да канца, аж да смерці на крыжы і адхлання вялікага аддалення ад Бога. Такім чынам, Ён з’яўляецца рукой, якую Бог працягуў чалавеку, згубленаму ягнятку, каб вярнуць яму збаўленне. Як навучае св. Аўгустын, Езус узяў ад нас спакусы, каб падарыць нам сваю перамогу. Не будзем баяцца таксама і мы ўступіць у барацьбу з духам зла: важна тое, каб мы гэта рабілі разам з Ім, з Хрыстом, з Пераможцам. І каб быць з Ім, звернемся да Маці, Марыі: будзем усклікаць да яе з сыноўскім даверам у час выпрабаванняў, і яна дасць нам адчуць моц прысутнасці свайго боскага Сына, каб адхіліць спакусы Словам Хрыста, і так паставіць Бога ў цэнтр нашага жыцця.

Пасля марыйнай малітвы Папа прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра пілігрымаў. “Дзякую, што вас прыйшло так шмат!”, - сказаў Святы Айцец. Асаблівым чынам, Пантыфік прывітаў дэлегацыю рымскай гарадской адміністрацыі, якая прыйшла на плошчу св. Пятра на чале з мэрам Вечнага горада Джанні Алемана. Бэнэдыкт XVI падзякаваў за любоў і духоўную блізасць з якой вернікі падтрымліваюць яго на працягу апошніх дзён.








All the contents on this site are copyrighted ©.