2013-02-16 13:36:46

Еўрапейская прэса пра духоўны запавет Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Вялікую ўвагу ва ўсім свеце прыцягнула прамова Бэнэдыкта XVI да святароў Рымскай дыяцэзіі, з якімі Папа сустрэўся ў Ватыкане 14 лютага. Пантыфік даў “ключ для разумення” будучыні Касцёла і рашэнняў ІІ Ватыканскага Сабору. Спантаннае выступленне Святога Айца перапынялася працяглымі апладысментамі. Яно стала “духоўным запаветам Бэнэдыкта XVI”, як падкрэсліваюць італьянскія СМІ, а таксама своеасаблівым развітаннем: “Я заўсёды буду з вамі, і разам мы пойдзем наперад з Панам, з упэўненасцю. Пан пераможа!”, - сказаў на заканчэнне Пантыфік.

Прамова Святога Айца была вельмі асабістай, Папа ўзгадаў, якім чынам ён патрапіў на ІІ Ватыканскі Сабор. Кардынал Ёзэф Фрынгс прапанаваў яму ў 1961 г. стварыць канцэпцыю даклада для канферэнцыі ў Генуі на тэму “Будучы Сабор і сучасны свет”. Кардыналу спадабаліся смелыя ідэі маладога Ратцынгера, і ён выкарыстаў іх падчас свайго дакладу. Бэнэдыкт XVI прызнаўся, што неўзабаве пасля гэтага папа Ян XXIII паклікаў кардынала Фрынгса да сябе. Апошні “быў поўны страху” з-за таго, што сказаў “нешта не так” у Генуі. Але тагачасны Пантыфік прамовіў: “Дзякую Вам, Ваша Эмінэнцыя, Вы сказалі дакладна тое, што я хацеў сказаць, але не знайшоў слоў для гэтага”. Сітуацыя паўплывала на тое, што кардынал Фрынгс запрасіў кс. Ратцынгера суправаджаць яго ў Рыме на ІІ Ватыканскім Саборы, на якім з канца 1962 г. апошні быў афіцыйна прызначаны кансультантам. “Мы”, прызнаўся Бэнэдыкт XVI рымскаму духавенству, “у той час ехалі на Сабор з энтузіязмам”.

Італьянскія газеты адзначаюць, што прамова сыходзячага Пантыфіка адкрыла новыя, невядомыя дагэтуль, акалічнасці гісторыі Касцёла, якія напэўна дапамогуць глыбей зразумець кантэкст, у якім склікаўся і адбываўся ІІ Ватыканскі Сабор.







All the contents on this site are copyrighted ©.