2013-02-16 14:34:28

Амерыканскі кардынал: будучы Папа – падарожнік і карыстальнік новымі СМІ


RealAudioMP3 Будучы Папа павінен будзе шмат падарожнічаць і карыстацца новымі СМІ. Такога меркавання прытрымліваецца амерыканскі кардынал Дональд Вюрл, арцыбіскуп Вашынгтона. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх расказаў, што патрэба ў падарожжах стала тэрміновай для сённяшніх Рымскіх Пантыфікаў. Ён назваў гэту неабходнасць “служэннем прысутнасці”. “Папа павінен быць побач са сваім статкам ва ўсім свеце”, - сказаў ён і дадаў, што выкананне гэтага задання патрабуе вялікіх намаганняў. Іншы аспект будучага пантыфікату, на думку амерыканскага кардынала, звязаны з тым фактам, што зараз чалавецтва жыве ў эпоху хуткай камунікацыі. “Гэта эпоха, калі людзі чэрпаюць большую частку інфармацыі з крыніц адрозных ад традыцыйных – мы жывем у свеце сацыяльных медыя”, - сказаў кардынал Вюрл. На яго думку, Бэнэдыкт XVI за час свайго пантыфікату зрабіў вялікую справу: ён шмат падарожнічаў і адначасова пачаў карыстацца новымі СМІ, каб звяртацца да свету.

Падводзячы вынікі знаходжання Бэнэдыкта XVI на Пасадзе св. Пятра, кардынал Вюрл адзначыў, што галоўным чынам Папа “вёў секулярызаваны свет да сустрэчы з Богам”. Паводле кардынала, Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, які восенню 2012 г. праходзіў у Рыме, стаў “кульмінацыяй усяго таго, што Папа прапаведваў падчас сваго пантыфікату”. Папа “заклікаў звяртацца да тых людзей, асабліва дарослай моладзі, якія думаюць, што Касцёлу больш няма чаго ім даць і такім чынам зноў вярнуць іх, зноў прапанаваць ім Евангелле Хрыста”. Гэта, на думку амерыканскага іерарха, застанецца вялікай спадчынай Бэнэдыкта XVI і накірункам на будучыню.








All the contents on this site are copyrighted ©.