Папская рада жадае, каб моладзь назірала за сацыяльнай справядлівасцю
Папская рада па справах
свецкіх запрасіла на сустрэчу 100 маладых людзей з усяго свету, каб стварыць Цэнтр
каталіцкай моладзі па назіранні за сацыяльнай справядлівасцю. З некалькіх тысяч кандыдатаў,
у тым ліку з дапамогай сацыяльных сетак, былі выбраны асобы ад 20 да 30 гадоў з розных
кантынентаў. Маніторынг меў на мэце сабраць найбольш бліскучыя розумы, здольныя ўзяць
на сябе адказнасць пастаяннага дыялогу з Касцёлам, і такім чынам асягнуць абнаўленне
грамадстваў праз Евангелле.
Падчас міжнароднай сустрэчы, якая пройдзе ў рымскім
Латэранскім універсітэце з 20 па 24 сакавіка 2013 г., будзе створана віртуальная платформа,
на якой моладзь з цэлага свету зможа дзяліцца ідэямі. Лепшыя з іх будуць пераўтварацца
ў канкрэтныя праекты. На рымскім форуме абмяркуюць тэмы сям’і, грамадскай ролі вернікаў
і беднасці сучаснай моладзі. У ім, апрача маладых людзей, прымуць удзел іерархі, навукоўцы
і палітычныя дзеячы з некалькіх краін.