2013-02-13 17:50:30

Бэнэдыкт XVI: звярнуцца да Бога “усім сэрцам”


RealAudioMP3 “Звярніцеся да мяне ўсім сэрцам”, – над гэтымі словамі прарока Ёэля разважаў Бэнэдыкт XVI у сваёй гаміліі падчас св. Імшы ў Папяльцовую сераду 13 лютага. Папа адзначыў, што літургія, якую ён узначаліў, з’яўляецца “цудоўнай нагодай падзякаваць усім, асабліва вернікам Рымскай дыяцэзіі” за падтрымку яго пятровага служэння і “папрасіць аб асаблівым успаміне ў малітве”. Каментуючы Літургію Слова, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў ёй гучыць заклік звярнуцца да Бога “усім сэрцам” – “нашымі думкамі і пачуццямі, каранямі нашых рашэнняў, выбараў і учынкаў, з жэстам поўнай і радыкальнай свабоды”. Паводле Папы, здзейсніць такі акт дапамагае Божая міласэрнасць і ласка. “Зварот да Бога ўсім сэрцам” тычыцца не толькі асобных вернікаў, але і ўсёй супольнасці.

Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на абавязак хрысціян дбаць пра аблічча Касцёла і не зневажаць яго. “Я асабліва думаю пра грахі супраць адзінства Касцёла, пра падзелы цела Касцёла”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле яго, “зварот да Бога ўсім сэрцам” у пасхальны перыяд праходзіць праз крыж, наследванне Хрыста на шляху на Кальварыю, праз поўны дар самаго сябе. “Гэта шлях, на якім мы штодзённа вучымся пастаянна выходзіць за рамкі нашага эгаізму і замкнёнасці, каб рабіць месца Богу, Які адкрывае і перамяняе сэрца”, - сказаў Бэнэдыкт XVI.







All the contents on this site are copyrighted ©.