2013-02-11 11:22:39

Ватыканскі іерарх растлумачыў стаўленне Касцёла да грамадзянскіх шлюбаў


RealAudioMP3 Сям’я, пабудаваная на любові жанчыны і мужчыны – гэта найвялікшае багацце грамадства, сказаў у інтэрв'ю, апублікаваным у газеце “Corriere della Sera”, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, які з 26 чэрвеня 2012 г. з’яўляецца старшынёй Папскай рады па справах сям’і. Ён патлумачыў сваю нядаўнюю заяву, якая была няправільна інтэрпрэтавана як падтрымка для легалізацыі грамадзянскіх саюзаў. Арцыбіскуп Палья нагадаў, што яшчэ старажытныя рымляне, у тым ліку Цыцэрон і Юстыніян выразна заяўлялі, што сужэнства з’яўляецца саюзам мужчыны і жанчыны. Ён адзначыў, што самога пачуцця не дастаткова для існавання сужэнства, паколькі яно патрабуе палавых адрозненняў і адкрытасці да прыняцця новага жыцця. “Вось чаму ўсе паслабленні гэтай канцэпцыі сужэнства вядуць да катастрафічных наступстваў, падобна да канцэпцый, якія намагаюцца адмяніць або сцерці межы разнастайнасці палоў”, - заявіў іерарх. Гэта азначае, што кожная чалавечая істота з’яўляецца дзіцём Божым і мае тую ж годнасць, кожны чалавек павінен быць любімы, - дадаў старшыня Папскай рады па справах сям’і.

Звяртаючыся да тэмы легалізацыі нефармальных саюзаў, арцыбіскуп Палья сказаў, што “рашэнні, прынятыя без сур’ёзнага аналізу і без дбайнага разгляду праўды могуць прывесці да скажэнняў, якія пазней цяжка выправіць. Не можна прымаць заканадаўчых актаў без уліку будучых наступстваў. Любое рашэнне, якое не адпавядае рэчаіснасці, прыводзіць да распушчанасці. Таму, я думаю, што неабоднае больш надзейнае і больш творчае садзейнічанне новай культуры сям’і”, - лічыць ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп патлумачыў, што ўсё грамадства павінна паставіць сям’ю ў цэнтр, каб інвеставаць у стабільныя сям’і. Яна мае патрэбу ў падтрымцы з боку палітыкі, эканомікі і культуры.

Менавіта падтрымцы сям’і будзе прысвечаны візіт арцыбіскупа Пальі ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый, які распачынаецца 12 лютага. Іерарх будзе ўдзельнічаць у перамовах па арганізацыі і правядзенні Міжнароднага года сям’і і падкрэсліць актуальнасць падрыхтаванай 30 гадоў таму ўзначаленай ім дыкастэрыяй “Хартыі правоў сям’і”.







All the contents on this site are copyrighted ©.