2013-02-05 16:53:28

Арцыбіскуп Фізікела: моц сведчання св. Пятра ў мастацкіх творах – шлях новай евангелізацыі


RealAudioMP3 Выстава “Шлях св.Пятра” адкрываецца ў замку св. Анёла ў Рыме 7 лютага і будзе даступна для шырокай публікі да 1 мая гэтага года. На ёй змешчаны святыя карціны апостала, які даў наймацнейшае сведчанне веры і адданасці Хрысту. Экспанаты прыбылі ў Рым з 9 краін свету і датуюцца ад ІV да ХХ стагоддзя. Запал веры св. Пятра, на якім Езус заснаваў Касцёл, “мастакі здолелі занатаваць і выявіць з уласцівай ім геніяльнасцю ў многіх творах, вызначаных прыгажосцю”,- адзначыў на прэс-канферэнцыі 5 лютага арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі. На яго думку, роздум над таямніцай прыгажосці – гэта водгук на тугу аб Богу, якая жыве ў чалавеку. "Вера – заданне не толькі для вернікаў; яна выяўляе патрэбу чалавека зірнуць ўнутр сябе",-сказаў арцыбіскуп. У часы, занураныя ў стомленасць і раўнадушша, мільёны людзей працягваюць радавацца як прыгажосці прыроды, так і творам музыкі, архітэктуры, жывапісу.Таксама і сёння чалавек не жадае ўпасці, “па закліках новых сірэн, у эфімерныя ілюзіі, марнатраўства часу ў вялым хаджэнні па сотнях крам, дзе па нізкіх цэнах прадаецца ілюзія шчасця”, - адзначыў іерарх. Ён сцвердзіў, што ў сэрцы кожнага чалавека жыве прага Бога.

"Мы задумалі арганізаваць гэтую выставу як падарожжа па стагоддзях, каб пазнаёміць з адным з персанажаў, які заўсёды правакаваў розум мастакоў ў жаданні зразумець таямніцу. Гэта – сапраўдны шлях веры, які натхняе мастакоў для аб’яўлення пакаленням усіх людзей на зямлі Добрай Весткі",-сказаў арцыбіскуп Фізікела і дадаў, што гэта выстава адкрывае цэлы шэраг разнастайных міжнароднах культурных мерапрыемстваў у Годзе веры для лепшага правядзення новай евангелізацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.