2013-02-04 12:04:16

Ватыканскі іерарх: сям’я і сужэнcтва – гэта добрая навіна для людзей


RealAudioMP3 Чаму можна казаць слова “назаўжды” любімай футбольнай камандзе, але нельга ўласнаму мужу ці жонцы? Такім рытарычным пытаннем задаўся арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і, гаворачы аб важнасці гэтага інстытута і перспектывах яго захавання ў сённяшнім свеце. Іерарх прыняў удзел у прэзентацыі актаў Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая праходзіла ў 2012 г. у італьянскім Мілане. У сваёй прамове ён адзначыў, што сям’я, да сённяшняга дня застаецца адным з самых глыбокіх жаданняў людзей ва ўсім свеце. Іерарх прывёў прыклад двух краін – Італіі і Францыі, у якіх мараць аб сужэнстве “на ўсё жыццё”, прыкладна 80% насельніцтва, у той час як аб “грамадзянскім саюзе” толькі каля 20% апытаных.

Аднак нягледзячы на такія пазітыўныя тэндэнцыі, інстытутам сям’і і сужэнства пагражаюць шматлікія культурныя плыні распаўсюджаныя сёння. “Ідэал, якога шукае сучасны чалавек – гэта поўная аўтаномія – імкненне да незалежнасці ад нікога”, - сказаў арцыбіскуп. Паводле яго, сёння дамінуе імкненне будаваць грамадства, якое будзе складацца з індывідуўмаў, дзе “я” будзе дамінаваць над “мы”, асоба над грамадствам, правы індывідуўма над правамі сям’і. “Гэта гонка за індывідуалізмам расчленяе сям’ю, як і іншыя формы грамадства”, - сказаў іерарх.

У такім кантэксце Касцёл вельмі занепакоены крызісам, які перажывае сем’я і сужэнства. Гэты клопат умацоўваецца свядомасцю, што гэтыя два інтытытуты з’яўляюцца сапраўдным “Евангеллем, добрай навінай для сучасных мужчын і жанчын, часта самотных і пазбаўленых любові, бацькоўства, падтрымкі”. Арцыбіскуп Палья, адзначыў, што каб захаваць іх значэнне неабходна разумнае і крэатыўнае перасэнсаванне душпастырскай дзейнасці, якое ахопіць перыяд хрысціянскай ініцыяцыі і адукацыі, падрыхтоўку да сужэнства, дапамогу параненым сем’ям і інш.

Іерарх заклікаў сем’і, даваць добрае сведчанне – быць месцам “дзе можна жыць радасцю веры і ўзаемнай любоўю”. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на неабходнасць супрацьстаяць распаўсюджанай гендэрнай ідэалогіі. У гэтым кантэксце ён спытаў: калі мы пачнем называць “маму” і “тату” бацькамі “А” і Б”, якое першае слова будуць прамаўляць дзеці?








All the contents on this site are copyrighted ©.