2013-02-02 13:47:52

“L’Osservatore Romano” пра сям’ю нямецкага дыпламата, абароненага Ватыканам


RealAudioMP3 Новыя цікавыя факты з гісторыі ІІ Сусветнай вайны адкрывае на сваіх старонках “L ’Osservatore Romano”. У сённяшнім “жаночым” дадатку да газеты змяшчаецца артыкул прысвечаны лёсу пратэстанскай сям’і нямецкага дыпламата, якая знайшла прытулак за мурамі горада дзяржавы Ватыкан. Гаворка ідзе пра сям’ю Сігізмунда фон Браўна, былога пасла Германіі пры Апостальскай Сталіцы. У самы разгар вайны, у 1943 г. ён пачаў выконваць сваю місію ў Ватыкане. Аднак, дыпламат не быў абыякавым назіральнікам жудасных здарэнняў, якія адбываліся ў Вечным горадзе. У часы дэпартацыі яўрэяў з рымскага гета, ён здолеў выратаваць вялікую колькасць людзей. Адным з яго заданняў было “не дапусціць, каб нямецкія войскі ўварваліся ці нават захапілі будынкі, якія прыналежалі Ватыкану”. Пасол быў глыбока перакананы, што ў гэтых будынках, а таксама ў шматлікіх манастырах, хавалася вялікая колькасць людзей, якім пагражаў арышт. “Гаворка ішла пра дзеянні звязаныя з вялікай рызыкай”, - успамінае дачка дыпламата Крысціна фон Браўн і дадае, што “калі б нямецкія ўлады даведаліся аб гэтым, канешне арыштавалі б яго”.

Таксама адзначаецца цікавы факт, аб тым, што ў перыяд калі войскі саюзнікаў увайшлі ў Рым, Ватыкан прыняў на сваёй тэрыторыі вялікую колькасць дыпламатаў разам з іх сем’ямі. Сярод такіх людзей аказалася і сям’я фон Браўна, нягледзячы на тое, што была лютэранскай. За сценамі Ватыкана ў нямецкага дыпламата нарадзілася дачка, якая пазней успамінала: “Радзімай для мяне былі ўспаміны пра сонца у ватыканскіх садах, а не халодная, цёмная і разбураная Германія”.








All the contents on this site are copyrighted ©.