2013-02-01 13:42:18

Бэнэдыкт ХVI на Вялікі Пост: вера без любові – як дрэва без плёнаў


RealAudioMP3 1 лютага ў Ватыкане было апублікавана пасланне Бэнэдыкта ХVI на Вялікі пост 2013 г. Яно прысвечана тэме: “Вера ў любоў падвышае любоў”. Святы Айцец адзначыў, што вера не можа ігнараваць канкрэтных учынкаў любові, зводзячы яе да агульнага гуманізму, а з другога боку не можна прызнаваць празмернай перавагі любові і яе дзеяння і думаць, што ўчынкі могуць замясціць веру. Папа падкрэсліў, што тое, што адрознівае хрысціян гэта любоў, якая прытрымліваецца веры і ёю фармаваная. “Калі мы пакідаем месца для любові Бога, мы становімся ўдзельнікамі Яго любові”, - напісаў Бэнэдыкт ХVI і паясніў, чым з’яўляюцца адносіны паміж верай і любоў’ю. “Гэтыя абедзьве тэалагічныя цноты вельмі шчыльна звязаны паміж сабой, і памылкай было б бачыць паміж імі супярэчнасць ці дыялектыку”, - падкрэсліў Папа. Святы Айцец нагадаў, што ў Касцёле кантэмпляцыя і дзеянне павінны суіснаваць і дапаўняць адно адно . Пантыфік перасцерагае перад імкненнямі да абмежавання любові бліжняга да салідарнасці ці звычайнай гуманітарнай дапамогі. Ён лічыць, што найбольшым учынкам любові з’яўляецца евангелізацыя, значыць “паслуга Слова”, якая адчачасова спрыяе развіццю чалавека.

У пасланні на Вялікі Пост Бэнэдыкт ХVI адзначае, што збаўчая ініцыятыва паходзіць ад Бога, ад Яго ласкі, Яго прабачэння прынятага чалавекам “у веры”. Папа папяраджае, што “гэтая ініцыятыва не абмяжоўвае нашу свабоду і адказнасць, але спрыяе ўчынкам міласэрнасці, якія “з’яўляюцца плёнам намаганняў чалавека і прычынай радасці, але яны нараджаюцца з самой веры, узнікаюць з ласкі, якую Бог дае шчодра. “Вера без учынкаў гэта як дрэва без пладоў: гэтыя дзьве цноты ўзнікаюць адна ад адной”, - падкрэсліў Папа і дадаў, што Вялікі Пост заклікае нас да таго, каб мы умацоўвалі веру праз уважлівае і доўгае слуханне Божага Слова, і праз удзел у сакрамэнтах.

Папа лічыць, што адносіны паміж верай і любоў’ю з’яўляюцца аналагічнымі двум фундаментальным сакрамантам Касцёла: хросту і Эўхарыстыі. “Хрост папяраджае Эўхарыстыю, якая дае паўнату хрысціянскага шляху і на яго скіраваны. “Адпаведным чынам вера папярэднічае шляху любові, але становіцца сапраўднай толькі тады, калі любоў з’яўляецца яе кульмінацыяй”, - паясніў Пантыфік.

На заканчэнне Бэнэдыкт ХVI пажадаў ўсім вернікам, каб падчас Вялікага Посту аднавілі сваю веру ў Езуса Хрыста і “ўвайшлі ў кола Яго любові да Айца і да кожнага брата і сястры, якіх сустракаюць у сваім жыцці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.