2013-01-30 15:02:10

Кардынал Уэлле пра візіты “ad limina Apostolorum”


RealAudioMP3 Кардынал Марк Уэлле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, падкрэсліў важнасць і значэнне для кожнага біскупа візітаў “ad limina Apostolorum”. Ён лічыць, што сістэматычныя падарожжы епіскапатаў у Рым сведчаць аб паўсюднасці Касцёла. Праз сустрэчу біскупа з Папам узмацняецца еднасць і калегіяльнасць паміж епіскапатамі і Наступнікам св. Пятра, а сам Касцёл яднаецца ў камуніі і місійным парыве, звярнуў увагу ватыканскі іерарх. Ён падкрэсліў важнасць асабістага дыялогу са Святым Айцом, калі кожны біскуп прывозіць з сабой тое, чым жыве ён і яго дыяцэзія: радасць, боль, надзеі і цярпенні, і кожны адчувае падтрымку Папы.

Кардынал-прэфект адзначыў, што сёння такая падтрымка патрэбна перш за ўсё біскупам Блізкага Усходу, Афрыкі і іх супольнасцям. Святы Айцец падчас сваіх шматлікіх сустрэч з іерархамі з усяго свету падкрэслівае, што Касцёл мае права выконваць сваю місію не толькі на ўзроўні літургіі, але і праз культурныя, адукацыйныя, дабрачынныя ініцыятывы. Кардынал Уэлле прызнаўся, што ў размовах з ім, біскупы падкрэсліваюць сардэчнасць і зацікаўленне Бэнэдыкта XVI сітуацыяй у дыяцэзіях на ўсім свеце. Святы Айцец сваім уменнем слухаць дае прыклад, наколькі слуханне дапамагае Касцёлу на яго шляху.








All the contents on this site are copyrighted ©.