2013-01-28 12:22:23

Поўны адпуст з нагоды Сусветнага дня хворых


RealAudioMP3 З нагоды ХХІ Сусветнага дня хворых, Апостальская Пэнітэнцыярыя абвясціла аб магчымасці атрымання поўнага адпусту – прабачэння Богам часовых караў за грахі, ужо дараваныя – у перыяд з 7 да 11 лютага, у любы з дзён. У спецыяльным дэкрэце, апублікаваным 28 студзеня, адзначаецца, што атрымаць поўны адпуст можна наведаўшы ў гэтыя дні марыйны санктуарый у нямецкім Алтоцінгу, цэнтры сёлетніх святкаванняў, або іншае месца культу, устаноўленае касцёльнымі ўладамі; выканаць звычайныя умовы (прыступіць да сакрамэнту споведзі, прыняць св. Камунію і памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца). Акрамя таго, трэба з пабожнасцю прыняць удзел у набажэнстве, цэлебраваным у сувязі з Сусветным днём хворых; памаліцца “Ойча наш”, “Веру ў Бога” і ўзнесці малітву да Панны Марыі. Поўны адпуст можна ахвяраваць як за сябе, так і за аднаго з памерлых.

Таксама адзначаецца, што вернікі, якія з 7 да 11 лютага будуць дапамагаць хворым у бальніцах ці іншых месцах і не змогуць прыняць удзелу ў набажэнствах, таксама маюць магчымасць атрымаць поўны адпуст. Для гэтага трэба “мець душу свабодную ад прывязанасці да якога-кольвечы граху”; прысвяціць некалькі гадзін клопату аб хворых, “як аб самім Хрысце”; памаліцца “Ойча наш”, “Веру ў Бога” і ўзнесці малітву да Панны Марыі. У дэкрэце гаворыцца, што ў такім выпадку вернікі павінны выканаць звычайныя ўмовы, патрэбныя для атрымання адпусту, пры першай магчымасці.

У таго, хто з прычыны хваробы, пажылога ўзросту ці іншых падобных прычын, не можа прыняць удзелу ў літургічных святкаваннях, ёсць магчымасць атрымаць поўны адпуст пры ўмове, што “мае душу свабодную ад прывязанасці да якога-кольвечы граху”; выканае звычайныя ўмовы пры першай магчымасці; духоўна паўдзельнічае ў набажэнствах, якія будуць праходзіць у гэтыя дні, асабліва ў св. Імшы, і паслухае пасланне Святога Айца праз тэлебачанне ці радыё; пабожна памоліцца за ўсіх хворых і ахвяруе Богу, праз Панну Марыю, свае духоўныя і фізічныя цярпенні.

У сваю чаргу, частковы адпуст могуць атрымаць усе вернікі, якія 7-11 лютага, са скрухай у сэрцы памоляцца да міласэрнага Бога за хворых у духу Года веры.








All the contents on this site are copyrighted ©.