2013-01-28 12:29:25

Ватыканскі кардынал падтрымаў маніфестацыі за жыццё ў ЗША


RealAudioMP3 Кардынал Рэйманд Лео Бёрк лічыць, што маршы за жыццё, якія праходзяць па ўсіх Злучаных Штатах у апошнія дні, “з’яўляюцца найбольш важным сведчаннем павагі да недатыкальнасці і годнасці кожнага чалавечага жыцця”. На думку кіраўніка Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, такія маніфестацыі даюць магчымасць грамадзянам аб’яднацца вакол абароны жыцця і яго годнасці. Ад узбярэжжа да ўзбярэжжа, праз усю Паўночную Амерыку, праходзяць маршы з удзелам соцень тысяч асоб у 40-ю гадавіну легалізацыі абортаў у ЗША. Бэнэдыкт XVI 25 студзеня ў сваім “твіце” выказаў падтрымку мітынгуючым і паведаміў аб сваёй малітве за палітычных лідэраў, каб яны абаранялі ненароджаных і былі прыхільнікамі культуры жыцця.

Кардынал Бёрк адзначыў, што павелічэнне колькасці ўдзельнікаў маршаў з кожным годам, гэта моцны сігнал амерыканскаму кіраўніцтву, якое паклікана служыць грамадству, што законы нацыі павінны спрыяць агульнаму дабру, абараняць чалавечае жыццё з моманту зачацця да моманту натуральнай смерці. Закон аб легалізацыі абортаў, вынікам якога ў ЗША сталі больш за 50 млн. смерцяў ненароджаных за 40 гадоў, “з’яўляецца вялікім бедствам для Злучаных Штатаў Амерыкі і павінен быць ліквідаваны ў самыя кароткія тэрміны”, - перакананы ватыканскі кардынал амерыканскага паходжання. У дадатак да знішчэння нявінных і безабаронных чалавечых жыццяў, жанчыны, якія зрабілі аборт моцна пакутуюць усё астатняе жыццё, бо аборт – гэта цяжкі грэх не толькі супраць нявіннага чалавечага жыцця, але і супраць ідэнтычнасці жанчыны, падкрэсліў іерарх.

Кардынад Бёрк перакананы, што легалізацыя абортаў стала пачаткам культуры непавагі да жанчыны, выкарыстоўвання яе як інструменту, аб чым сведчыць шматмільённы парнаграфічны бізнэс у Амерыцы. Аборт, гэта таксама ўдар па сям’і. “Практыка абортаў накіравана на непрыняцце пракрэацыйнай прыроды саюзу мужчыны і жанчыны ў сужэнстве і, такім чынам, нішчыць сям’ю”, - перакананы іерарх.

Як выйсце са складанай сітуацыі, Кардынал Бёрк прапанаваў “малітву, ва ўсіх яе формах”, якая паклікана дапагчы “перамене сэрцаў і трансфармацыі грамадства”, а таксама распаўсюджванне праўды пра аборты і іх згубныя наступствы.







All the contents on this site are copyrighted ©.