Ватыканскі іерарх: з’явіцца “Твітэр” Папы па-кітайску
“Мы знаходзімся на
этапе вырашэння тэхнічных праблем, звязаных з асобнай тэхналогіяй, якая выкарыстоўваецца
ў Кітаі, каб Святы Айцец неўзабаве змог прысутнічаць на “Твітэры” па-кітайску”, -
прызнаўся ў інтэрв’ю парталу “vaticaninsider” арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэллі. Старшыня
Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, растлумачыў, што, дзякуючы прысутнасці
ў сацыяльных медыя, слова Бэнэдыкт XVI даходзіць да асоб, якія інакш ніколі не мелі
б шанцаў пазнаёміцца з яго пасланнем.
Арцыбіскуп Чэллі патлумачыў, што прысутнасць
Папы на “Твітэры” з’яўляецца вынікам станоўчага адказу на прапанову ватыканскай рабочай
групы ў галіне новых медыя. Святы Айцец хоча прысутнічаць там, дзе ідуць дэбаты, у
месцах прысутнасці чалавека, у тым ліку так званай “лічбавай культуры”, - адзначыў
іерарх. Ён нагадаў, што ў сацыяльных медыя сёння сустракаюцца, пераўзыходзячы геаграфічныя
і нацыянальныя абмежаванні, сотні мільёнаў людзей. Такім чынам, Касцёл пакліканы,
каб таксама і ў сетцы весці дыялог, адзначаны належнай павагай, маючы на ўвазе тое,
што нашы грамадствы становяцца ўсё больш мультыкультурнымі і шматканфесійнымі, - сказаў
арцыбіскуп. Ён дадаў, што ў “Твітэры” сёння прысутнічае 140 млн. чалавек з усяго свету,
пры гэтым 40% з іх, гэта людзі ад 18 да 34 гадоў, з якіх за Папам назірае 2,5 млн.
чалавек.
Прысутнасць у новых медыя звязана таксама з выклікамі новай евангелізацыі.
Трэба прыстасавацца да кароткай формы ў 140 знакаў, знайсці новыя формы зносін, каб
пабудаваць давер і прыцягнуць належную ўвагу. Віртуальная прастора не можа лічыцца
менш важнай, чым рэальныя, перакананы старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі.