2013-01-26 10:46:32

Кардынал Дзяржсакратар: судовыя функцыі – частка евангелізацыі


RealAudioMP3 “Судовыя функцыі, па сваёй сутнасці, не выходзяць за рамкі евангелізацыйных абавязкаў Касцёла, гэта жывая частка яго збаўчай місіі”, - лічыць кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Ён узначаліў 26 студзеня св. Імшу на распачацце судовага году ў Трыбунале Рымскай Роты. Прававыя і душпастырскія аспекты дзейнасці Касцёла вельмі цесна звязаны паміж сабой, перакананы іерарх. “Гэта іх гармонія вынікае з агульнай мэты: збаўлення душы”. “Было б немагчымым прывесці душы ў Нябеснае Валадарства не прымаючы сувязі паміж міласэрнасцю і разважлівасцю, якія павінен ажывіць абавязак добрасумленна выконваць закон і захоўваць правы кожнага чалавека ў Касцёле”, - падкрэсліў кардынал Бэртонэ.

Найбліжэйшы супрацоўнік Папы лічыць, што адным з заданняў суддзяў Трыбуналу Рымскай Роты з’яўляецца пераадоленне недаверу і імкненне “заваяваць сэрцы тых, хто прадузята і варожа настаўлены” да Касцёла. “Толькі са спакоем у сэрцы можна дасягнуць духоўнай пакоры, неабходнай для тлумачэння законаў паводле крытэрыяў справядлівасці і праўды”, - адзначыў ён і нагадаў, што ў сённяшнім свеце, адзначаным войнамі і разбуранымі нянавісцю і злосцю сям’ямі, кожны чалавек звяртаецца да Касцёла “за мірам і справядлівасцю Божай у Хрысце Езусе”. Кардынал Дзяржсакратар пажадаў касцёльным суддзям дару мудрасці і інтэлекту, каб пастаянна кіравацца “сапраўднай евангельскай логікай, адзіным крытэрыем суджэння паводле праўды і любові”.







All the contents on this site are copyrighted ©.