2013-01-25 13:32:28

Бэнэдыкт XVI сустрэўся з іерархамі Праваслаўных Цэркваў


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI упэўнены, што будучыня міру і справядлівасці ў Святой Зямлі маюць патрэбу ў тым, каб сёння там развіваўся дыялог і супрацоўніцтва. Аб гэтым ён сказаў падчас сустрэчы з членамі Міжнароднай змешанай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнымі Цэрквамі. Яна адбылася 25 студзеня ў Апостальскім Палацы ў Ватыкане. Пераважная большасць іерархаў паходзіла з тых земляў, у якіх, паводле Папы “хрысціяне, як індывідуўмы і супольнасць, павінны адказаць на балючыя выпрабаванні”. “Я хачу запэўніць усіх вернікаў на Блізкім Усходзе ў маёй духоўнай блізасці і малітве, каб гэтая зямля, такая важная для Божага плану збаўлення, магла скіроўвацца да справядлівасці і трывалага міру, праз канструктыўны дыялог і супрацоўніцтва”, - сказаў Папа. Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сустрэча дае магчымасць “з удзячнасцю паразважаць аб працы Міжнароднай змешанай камісіі, якая пачалася 10 гадоў таму, у студзені 2003 г. па ініцыятыве царкоўных уладаў сям’і Усходніх Праваслаўных Цэркваў і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству”.

“Прызнаючы дасягненні, якія былі зроблены, жадаю каб адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі развіваліся ў духу братэрства і супрацоўніцтва, асабліва праз развіццё тэалагічнага дыялога здольнага дапамагчы ўсім вучням Пана ўзрастаць у адзінстве і сведчыць перад светам аб збаўчай праўдзе Евангелля”, - адзначыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.