Кардынал Тарксан: Мір з’яўляецца плёнам адносін чалавецтва з Богам
Кардынал Пітэр Тарксан,
старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”, скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды V
Міжнароднага дня малітваў за мір у Святой Зямлі, які будзе адзначацца 27 студзеня.
Іерарх нагадаў, што імкненне да міру супадае з жаданнем усебаковага развіцця ўсіх
і кожнага. “Мір з’яўляецца плёнам адносін чалавецтва з Богам”, - дадаў ён. Паводле
кардынала Тарксана, адносіны чалавека з Богам спрыяюць лепшым адносінам паміж чалавекам
і інстытутамі, яго маральнасці і культуры, каштоўнасцям і гуманізму. “Сапраўдныя будаўнікі
міру – гэта тыя, хто любіць жыццё і служыць яму, ва ўсёй яго паўнаце і вымярэннях:
асабістым, грамадскім, трансцэндэнтным”, - адзначыў старшыня Папскай рады “Iustitia
et Pax”. Кардынал лічыць, што адным з заданняў новай евангелізацыі з’яўляецца выхаванне
да міру. Ён падкрэсліў, што Касцёл заўсёды блізкі да тых, хто апынуўся ў патрэбе,
і прапанаваў рэцэпт міру, які, паводле іерарха, заключаецца ў будаванні жыцця на Евангеллі
і наследаванні Езуса.
Ініцыятыву Міжнароднага дня малітваў за мір у Святой
Зямлі падтрымалі на ўсім свеце больш за 3 тыс. гарадоў.