2013-01-24 12:21:04

Бэнэдыкт XVI: сацыяльныя сеткі – гэта не паралельны свет


RealAudioMP3 “Лічбавая прастора – гэта не паралельны або цалкам віртуальны свет, але частка штодзённай рэальнасці многіх людзей, асабліва моладзі”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на Сусветны дзень масавай камунікацыі, якое было апублікавана 24 студзеня. Яго тэма: “Сацыяльныя сеткі: дзверы праўды і веры. Новыя прасторы для евангелізацыі”. У ім Папа засяродзіўся на некаторых аспектах, якія тычацца выкарыстання гэтай прылады камунікацыі для распаўсюджвання Добрай Навіны. Святы Айцец адзначыў, што сацыяльныя сеткі адпавядаюць жаданням чалавечага сэрца: будаванню адносін і сяброўства, пошуку адказаў на пытанні, забаве, дзяленню кампетэнтнасцю і ведамі. Але адначасова яны ставяць выклікі перад тымі, хто хоча з іх дапамогай казаць аб праўдзе і каштоўнасцях. “Часам стрыманы голас розуму можа заглушацца гоманам празмернай інфармацыі”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён адзначыў, што ў такім кантэксце “сацыяльныя медыі маюць патрэбу ў дзейнасці тых, хто ўсведамляе каштоўнасць дыялогу, разважлівых дэбатаў і лагічнай аргументацыі”. Паводле Пантыфіка дыялог і дэбаты могуць мець месца толькі тады, калі намі “усур’ёз успрымаюцца ідэі адрозныя ад нашых”.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што сёння вернікі ўсё больш усведамляюць неабходнасць абвяшчэння Добрай Навіны ў інтэрнэце, бо інакш яна застанецца невядомай для тых, каму важная гэта прастора. У Пасланні падкрэсліваецца неабходнасць сведчання, якое можа ажыццяўляцца не толькі выразам сваёй веры, але і “манерай камунікацыі”. Пантыфік нагадаў аб неабходнасці камунікацыі “выбараў, пераваг, меркаванняў, якія маюць глыбокую ўзгодненасць з Евангеллем, нават калі аб ім не гаворыцца адкрыта”. Паводле Святога Айца, асабліва важным сведчаннем, можа быць “жаданне падарыць самаго сябе іншым праз гатоўнасць цярпліва і з павагай адказваць на іх пытанні і сумненні, на шляху пошуку праўды і сэнсу чалавечага існавання”.








All the contents on this site are copyrighted ©.