2013-01-23 11:27:13

Упэўненасць у прысутнасці Бога ў гісторыі, таксама і сучаснай


RealAudioMP3 “Вера, робіць нас пілігрымамі на зямлі, змешчанымі ў свеце і гісторыі, на шляху да нябеснай айчыны”, лічць Бэнэдыкт XVI. Ён сустрэўся 23 студзеня з вернікамі, сабранымі на агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Святы Айцец пачаў новы цыкл катэхез. Яны будуць прысвечаны Сімвалу веры. Паводле Пантыфіка, сцвярджэнне “Веру ў Бога”, якім ён пачынаецца, “здаецца простым”, але на самой справе “адкрывае бясконцы свет адносін з Панам і Яго таямніцай”. Зразуменню поўнага значэння гэтага сцвярджэння, на думку Святога Айца, можа дапамагчы пастава патрыярха Абрагама. Менавіта веры гэтага старазапаветнага персанажа прысвяціў сваю сённяшнюю катэхезу Бэнэдыкт XVI.Папа нагадаў, што Абрагам быў пакліканы Богам пакінуць уласную зямлю і вырушыць у нявядомую краіну. Згода на гэты заклік “патрабавала паслухмянасці і радыкальнага даверу, які можа даць толькі вера”. Калі падарожжа Абрагама закончылася, ён убачыў, што абяцаная Богам зямля была занята іншым народам. “Зямля, якую Бог падарыў, не належала да яго, ён быў чужынцам і застаўся ім назаўсёды, з усімі наступствамі гэтага: без мараў аб багаццях, з пастаянным пачуццём уласнай беднасці і бачаннем ва ўсім дару”, - заўважыў Папа. Гэта пастава нагадвае “духоўны стан тых, хто згаджаецца ісці за Панам, вырашае пайсці за яго пакліканнем, пад знакам яго нябачнага благаслаўлення”.

“Вера кліча Абрагама прайсці парадаксальны шлях. Ён будзе благаслаўлёным, але без бачных знакаў благаслаўлення: атрымае абяцанне стаць айцом вялікага народа, але маючы жыццё акрэсленае бясплоднасцю яго жонкі Сары; будзе прыведзены ў новую айчыну, але павінен будзе жыць тут, як чужынец; адзіны кавалак зямлі, які ён атрымае, будзе прызначаны для пахавання Сары. Абрагам благаслаўлёны, таму што ў веры здольны ўбачыць благаслаўленне Бога, сягаючы па-за тое, што толькі здаецца, давяраючы прысутнасці Бога нават тады, калі Яго шляхі выдаюцца таямнічымі”, - сказаў Папа.

Паводле Бэнэдыкта XVI, сцвярджаючы: “Веру ў Бога”, мы, на падабенства Абрагама, кажам “Я давераю Табе, Пане”, але “не як таму, да каго звяртаемся ў моманты цяжкасцяў ці, каму прысвячаем некалькі момантаў у дзень або тыдзень”. “Казаць: веру ў Бога”, азначае ўкараніць сваё жыццё ў Ім, дазволіць, каб Яго слова кіравала намі кожны дзень, у канкрэтных выбарах, без страху згубіць нешта сваё”, - адзначыў Пантыфік.

“Вера ў Бога робіць нас носьбітамі каштоўнасцяў, якія часта не адпавядаюць модзе і сучасным меркаванням, яна патрабуе ад нас прыняцця крытэрыяў і паводзінаў, якія не належаць да агульнапрынятага спосабу мыслення. Хрысціянін не павінен баяцца ісці “супраць плыні” для таго, каб жыць уласнай верай і супрацьстаяць спакусе падпарадкавацца. У многіх нашых грамадствах Бог стаў “вялікім адсутным” і на Яго месца былі пастаўлены шматлікія ідалы, перш за ўсё – незалежнае “я”, - сказаў Папа.

Паводле Бэнэдыкта XVI сцвярджэнне: “Веру ў Бога”, падштурхоўвае нас, каб на падабенства Абрагама, пастаянна выходзіць за ўласныя рамкі і несці ў штодзённую рэальнасць упэўненасць, якую дае вера: упэўненасць у прысутнасці Бога ў гісторыі, таксама і сучаснай.








All the contents on this site are copyrighted ©.