2013-01-23 11:11:37

Тэма рэлігіі ў цэнтры ўвагі Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе


RealAudioMP3 23 студзеня ў Давосе адкрыўся Сусветны эканамічны форум, на які з’ехаліся вядучыя сусветныя палітыкі і эканамісты. На сёлетнім форуме, як заўважаюць эксперты, апрача традыцыйных тэм, будзе звернута ўвага на рэлігійную складаючую палітычна-эканамічнага жыцця. Ціфані Місраі, аналітык Глабальнага савета на Сусветным эканамічным форуме, змясціла на яго афіцыйнай інтэрнэт-старонцы сваё бачанне месца веры і рэлігіі ў сучасных палітыцы і эканоміцы. “Улічваючы важнасць веры і рэлігіі ў палітычных, эканамічных і сацыяльных падзеях ва ўсім свеце, я не думаю, што мы можам заплюшчваць вочы на рэлігію, нават калі гэта нязручная тэма для абмеркавання”, - напісала яна. “Рэлігія па-ранейшаму грае цэнтральную ролю, (...) даследаванні паказваюць, што 80% жыхароў свету звязаны з рэлігіяй. Такім чынам, рэлігійныя супольнасці з’яўляюцца магутным рухавіком для трансфармацый”, - дадала міжнародны аналітык.

Адной з мэтаў сёлетняга форуму ў Давосе яго супрацоўніца лічыць, пошук шляхоў “прымірэння тэндэнцый развіцця грамадства з рэлігійнымі перакананнямі”. “Можа рэлігійныя ўстановы па-ранейшаму гуляюць важную ролю ў выхаванні цярпімасці і каштоўнасцяў у грамадстве ў XXI-м стагоддзі?”, - задае рытарычнае пытанне скептыкам адна з арганізатараў Сусветнага эканамічнага форуму.

У рамках мерапрыемства 25 студзеня пройдзе адкрытае абмеркаванне тэмы ролі рэлігіі ў сучасным палітычным і эканамічным жыцці.







All the contents on this site are copyrighted ©.