2013-01-23 10:34:00

Святы Пасад занепакоены масавым адстрэлам сланоў


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі заявіў, што “забойства сланоў стала вельмі сур’ёзнай праблемай”. Сусветнавядомае выданне “National Geographic” звярнулася да прадстаўніка Святога Пасаду, каб ён умяшаўся ў складаную сітуацыю з забойствам сланоў для далейшага выкарыстання слановай косці пры вырабе прадметаў культу. Кс. Ламбардзі прызнаўся, што атрымаў за апошні час шмат лістоў з заклікам паспрыяць вырашэнню складанай сітуацыі. У сваім лісце ў рэдакцыю часопіса кіраўнік Залы Друку патлумачыў, што з пункту гледжання навучання Касцёла, неапраўданае насілле ў адносінах да жывёл з’яўляецца недапушчальным.

Кс. Ламбардзі прапанаваў сваю дапамогу ў ажыццяўленні інфармацыйнай праграмы і прыцягненні некаторых касцёльных арганізацый да вырашэння складанага пытання. Прадстаўнік Святога Пасаду напісаў, што давядзе да ведама Папскай рады “Iustitia et Pax” занепакоеннасць грамадства дадзенай праблемай і паспрыяе таму, каб Ватыканскае радыё ўключылася ў інфармацыйную кампанію па недапушчэнні масавага забойства сланоў. Апрача таго, кс. Ламбардзі перакананы, што Папская акадэмія навук павінна правесці шырокае даследаванне дадзенага пытання ў кантэксце праблем навакольнага асяроддзя і біяразнастайнасці.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў гатоўнасць супрацоўніцтва, каб знайсці “практычныя рашэнні” і спыніць масавае забойства сланоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.