2013-01-22 16:29:26

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Ці быў Папа членам “Гітлерюгенд”?


RealAudioMP3 Калі ў 2005 г. на пасад св. Пятра быў абраны кардынал Ёзэф Ратцынгер, многія замежныя і айчынныя СМІ пачалі рабіць “сенсацыю” на момантах з яго біяграфіі, якіх на самой справе не існавала. Многія газеты і часопісы распавядалі, што ў маладосці будучы Пантыфік быў членам нацысцкай моладзевай арганізацыі “Гітлерюгенд”. Гэта тэма была ўзнята ў топ навінаў таксама ў 2009 г., у сувязі з візітам Бэнэдыкта XVI у Святую Зямлю. Тады кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі быў вымушаны ўзяць слова. Ён патлумачыў, што Папа “ніколі не быў членам “Гітлерюгенд” – дабраахвотнай фанатычнай і ідэалагічнай арганізацыі” і падкрэсліў, што ўвогуле насілле і нянавісць не адпавядалі і не адпавядаюць характару Святога Айца – чалавека “ветлівага, сціплага і добрага”. Так адкуль бярэ свае карані “чорная легенда” пра членства маладога Ёзэфа Ратцынгера ў нацысцкай арганізацыі? Пра гэта мы пагаворым у сённяшняй праграме.

Крыху гісторыі. Калі Гітлер прыйшоў да ўлады, у Германіі былі створаны дзве моладзевыя арганізацыі: “Гітлерюгенд” (Гітлераўская моладзь) і “Ліга нямецкай моладзі”. Яны былі звязаны з агульнай сістэмай адукацыі Трэцяга Рэйху, а іх ячэйкі існавалі амаль у кожнай школе. У сваёй біяграфіі “Маё жыццё” Бэнэдыкт XVI распавёў, што ў маніфестацыях гэтых арганізацый былі прымушаны ўдзельнічаць яго брат і сястра, ад чаго вельмі пакутаваў іх бацька. Ёзэф Ратцынгер старэйшы быў практыкуючым католікам і праціўнікам нацысцкай ідэалогіі. Будучы камісарам мясцовай жандармерыі, ён вельмі перажываў з прычыны таго, што павінен служыць дзяржаўнай уладзе, якую лічыў зборышчам злачынцаў, і дапамагаў тым, каму пагражаў нацысцкі рэжым, у тым ліку каталіцкім святарам. Акрамя таго, бацька клапаціўся, каб не адзін з членаў яго сям’і не патрапіў пад уплыў нацысцкай ідэалогіі.

У 1943 г., калі гітлераўскія ўлады пачалі асабліва моцна адчуваць недахоп у салдатах, яны вырашылі перавесці некаторыя навучальныя ўстановы бліжэй да батарэй супрацьпаветранай абароны. Такім чынам, паводле задумы гітлераўцаў, моладзь, у вольны ад заняткаў час, магла дапамагаць салдатам. Такім чынам сярод перамешчаных апынуўся і клас будучага Папы – вучняў 1926-1927 гадоў нараджэння меншай каталіцкай семінарыі ў Траўнштайне. Яны былі прызначаны на дапамогу базе супрацьпаветранай абароны, якая знаходзілася ў прадмесці Мюнхена. Гэта база ахоўвала неба над заводам “BMW”, на якім вырабляліся рухавікі для самалётаў. Папа ўспамінаў, што жылі яны ў бараках, насілі такую ж форму, як і салдаты, але мелі магчымасць наведваць заняткі ў адной з мюнхенскіх гімназій. У гэты перыяд будучы Пантыфік сябраваў з мясцовымі гімназістамі, а таксама пачаў наведваць заняткі рэлігіі. Калі паветраныя напады на Мюнхен спыніліся, Ёзэф Ратцынгер быў пераведзены ў Інсбрук, а затым Гільшынг. Тут будучы Папа на працягу года служыў у якасці тэлеграфіста.

У 1944 г. ён вярнуўся ў родны дом, але адразу атрымаў новую павестку з прызывам на “працоўную службу”. Ёзэф Ратцынгер быў вымушаны ехаць у працоўны лагер у Аўстрыі, каля мяжы з Венгрыяй і Чэхаславакіяй. Тут моладзь капала траншэі і будавала сістэму супрацьтанкавай абароны. Папа ўспамінаў, што у размовах паміж сабой хлопцы дзяліліся чаканнямі адносна перамогі саюзнікаў.

Мясцовае кіраўніцтва ў працоўным лагеры складалася з фанатычных ідэалагізаваных нацыстаў, якія перад прыходам Гітлера сядзелі ў аўстрыйскіх турмах. Яны падымалі навабранцаў па начах, строілі і пад пагрозамі прымушалі ўстапаць у СС. Ёзэф Ратцынгер напісаў у сваёй біяграфіі, што “многія добрыя хлопцы такім чынам былі ўключаны ў гэтыя злачынныя шэрагі”. З будучым Папам гэтага не здарылася, бо ён і некаторыя іншыя яго сябры, сказалі, што плануюць стаць каталіцкімі святарамі. “Над намі смяяліся, абражалі і прагналі назад, але гэтыя прыніжэнні таго каштавалі, асабліва таму, што вызвалялі ад пагрозы такога фальшывага “добраахвотнага” залічэння, з усімі яго наступствамі”, - успамінаў Бэнэдыкт XVI. З набліжэннем фронта, у 1944 г., праца ў лагеры была спынена, а моладзь адпраўлена дамоў.

Бэнэдыкт XVI узгадваў, што быў вельмі здзіўлены, калі не знайшоў дома новай павесткі. Такім чынам, ён меў некалькі тыдняў адпачынку, але затым быў выкліканы ў Мюнхен. Афіцэр, які займаўся прызывам, загадаў перасяліцца ў казарму, але дазволіў “не спяшацца”. Атмасфера ў казармах, паводле успамінаў Святога Айца, была зусім іншай, чым у лагеры. Афіцэры ўжо разумелі, што вайна хутка скончыцца і хоць працягвалі рабіць выгляд, што верныя Гітлеру, на самой справе чакалі хутчэйшага прыходу амерыканцаў.

У апошнія месяцы вайны батальёну, у які быў залічаны Ёзэф Ратцынгер, была выдадзена новая форма і было загадана прайсці маршам па мястэчках вакол Мюнхена спяваючы ваенныя нацысцкія песні – паказваючы такім чынам, што Гітлер мае яшчэ шмат маладых салдат. У гэты момант будучы Папа вырашыў дэзертыраваць і вярнуцца дамоў. “Я ведаў, што горад акружаны салдатамі, якія мелі загад страляць па дэзерцірам. Таму, каб выбрацца, я пайшоў маленькай дарогай, з надзеяй, што ніхто мяне не патурбуе”, - успамінаў Бэнэдыкт XVI. Аднак, тут ён сустрэў патруль, які на шчасце складаўся з тых, хто больш не хацеў вайны і забойстваў. Салдаты прапусцілі будучага Папу і ён вярнуўся дамоў.

Калі ў Трашнштайн прыйшлі амерыканцы, у доме Ратцынгераў яны размясцілі сваю галоўную мясцовую сядзібу. Яны даведаліся аб вайсковым мінулым Ёзафа, загадалі апрануць форму і адправілі ў лагер для ваеннапалонных, дзе ён прабыў некалькі тыдняў. 19 чэрвеня 1945 г. Ратцынгер быў вызвалены і так для яго закончылася вайна, у якую ён быў уцягнуты супраць сваёй волі.

З гэтай поўнай біяграфіі бачна абсалютная недарэчнасць інфармацыі аб тым, што Папа быў членам ваенізаванай моладзевай нацысцкай арганізацыі. Такога факту ў біяграфіі Пантыфіка няма. Ёзэф Ратцынгер быў прымусова запісаны ў дапаможныя атрады супрацьпаветранай абароны, якія складаліся з шматлікікіх школьнікаў, такіх як ён сам. Акрамя таго, Папа не быў салдатам “Аўстрыйскай дывізіі”, аб чым часта гаворыцца ў СМІ, але знаходзіўся тут у працоўным лагеры. Нягледзячы на пагрозы і здзекі з боку салдат “СС” ён не зламіўся, застаючыся верным сваім перакананням.








All the contents on this site are copyrighted ©.