Святы Пасад і В’етнам на шляху да поўнай нармалізацыі адносін
Аўдыенцыя Святога
Айца для Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі В’етнама Нгуэн Фу Чонга 22 студзеня
– гэта ўжо чацвёртая сустрэча Пантыфіка з высокапастаўленым членам в’етнамскага рэжыму
ў апошні перыяд. Бэнэдыкт XVI прымаў 11 снежня 2009 г. Прэзідэнта В’етнама Нгуэн Мінь
Чыета, а ў 2007 г. прэм’ер-міністра гэтай краіны Нгуэн Тан Зунга. Пасля першай сустрэчы,
якая доўжылася каля 40 хв., у афіцыйным паведамленні Святога Пасаду гаварылася пра
“важную веху ў развіцці двухбаковых адносін”, і аб тым, што “невырашаныя пытанні могуць
быць вырашаны як мага хутчэй”. У заяве таксама падкрэслівалася, што “гэта быў першы
выпадак, калі Прэзідэнт Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам сустрэўся з Яго Святасцю
і высокімі прадстаўнікамі Дзяржаўнага сакратарыяту”. І, нарэшце, у заяве было сказана,
што: “сардэчныя перамовы далі магчымасць закрануць некаторыя пытанні, якія тычацца
супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай”.
Візіт прэм’ер-міністра В’етнама
Нгуэн Тан Зунга ў Ватыкане, 25 студзеня 2007 г., быў азнаменаваны аднаўленнем кантактаў
паміж Святым Пасадам і В’етнамам, якія спыніліся ў 1975 г. пасля падзення Сайгона.
Тым не менш, на працягу гэтых 32 гадоў адбылося нямала – больш за 20 – візітаў іерархаў
Рымскай курыі і высокага ўзроўню ватыканскіх дэлегацый. Яны прымалі ўдзел у мерапрыемствах,
арганізаваных мясцовым Касцёлам, а таксама сустракаліся з прадстаўнікамі дзяржаўнай
улады.
Самым першым з высокіх в’етнамскіх функцыянераў, пасля 32-гадовага
перыяду спынення кантактаў, Ватыкан наведаў намеснік прэм’ер-міністра Хаанг Ву, 29
лістапада 2002 г. Ён сустрэўся з тагачасным кардыналам Дзяржсакратаром Анджэла Садана
і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, тады яшчэ арцыбіскупам, Жан-Луі
Таранам.
Вынікам усіх гэтых сустрэч стала прызначэнне Бэнэдыктам XVI 13 студзеня
2011 г. арцыбіскупа Леапольда Джырэллі папскім прадстаўніком у В’етнаме.
Такім
чынам, сённяшні візіт Генеральнага сакратара Камуністычнай партыі В’етнама можна разглядаць
у якасці новага вырашальнага этапу на шляху да поўнай нармалізацыі адносін паміж Святым
Пасадам і Сацыялістычнай Рэспублікай В’етнам.