Малітва ў Псалтыры стане тэмай рэкалекцый Рымскай курыі
Кардынал Джанфранка
Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, паведаміў, што велікапостныя духоўныя практыкаванні
для Святога Айца і членаў Рымскай курыі, якія ён правядзе, пройдуць на тэму: “Мастацтва
малітвы, мастацтва веры. Аблічча Бога і чалавека ў малітве псальмаў”. Іерарх адзначыў,
што прыняў такое рашэнне, таму што менавіта ў Псалтыры ідэальным чынам адлюстравана
аблічча Бога і чалавека. Божае Аб’яўленне не з’яўляецца маналогам з боку Бога; гэта
дыялог, у якім павінен прагучаць адказ з боку чалавека, звярнуў увагу кардынал Равазі.
Менавіта дыялог, як лейтматыў, прасочваецца ў тэкстах псальмаў, таму для велікапостных
разважанняў былі абраныя менавіта яны, дадаў ён. “Натхняць, думаць, змагацца і любіць”
– гэта ключавыя словы рэкалекцый, якія адбудуцца ў Ватыкане 17-23 лютага. Менавіта
такім чынам можна ахарактэрызаваць размову з Богам, па словах старшныні ватыканскай
дыкастэрыі. Ён прызнаўся, што пастараецца звярнуць увагу на ўсе аспекты малітвы, у
тым ліку фізічны, так званую малітву цела. Маліцца – значыць думаць аб сэнсе жыцця,
дзякаваць за жыццё, лічыць кардынал Равазі, а сама малітва – гэта скрыжаванне дыялогаў,
“мова любові і містыкі”, перакананы ён.