2013-01-22 12:21:06

Ватыканскі кардынал пра Кодэкс кананічнага права і празелітызм


RealAudioMP3 “Катэхізіс і Кодэкс кананічнага права – гэта плёны II Ватыканскага Сабору”, - заявіў кардынал Веласіа Дэ Паоліс, кіраўнік Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы і вядомы спецыяліст па касцёльным заканадаўстве, напярэдадні 30-годдзя зацвярджэння Кодэксу папам Янам Паўлам ІІ. Іерарх прыме ўдзел 25 студзеня ў сімпозіўме, прысвечаным юбілею, які арганізуе Папская рада па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў. Член рады кардыналаў Найвышэйшага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры нагадаў, што спатрэбілася 24 гады, каб завяршыць працы над Кодэксам у 1983 г. Па сутнасці, на думку іерарха, ён стаў апошнім дакументам ІІ Ватыканскага Сабору, які адлюстраваў тое новае, што асамблея біскупаў унесла ў касцёльнае заканадаўства, і запабег непаразуменням і памылкам, якія маглі ўзнікнуць у новых умовах.

Кардынал Вэласіа Дэ Паоліс у інтэрв’ю італьянскай “La stampa” узгадаў, як у 1983 г. Ян Павел ІІ, прадстаўляючы новы Кодэкс кананічнага права супрацоўнікам Рымскай курыі, сказаў, што ў яго аснове ляжыць Божае слова, якое павінна перажывацца на двух узроўнях: касцёльнага навучання, тут гаворка ідзе пра саборныя дакументы і катэхізіс, і юрыдычнай практыкі, г.зн. Кодэкс. Пантыфік у той час адзначыў, што гэтыя два ўзроўні сцісла звязаны, а разрыў сувязі можа прывесці да няправільнай інтэрпрэтацыі і, такім чынам, паўплываць на практыку.

Высокі ватыканскі іерарх закрануў тэму місіі “ad gentes”, абавязку Касцёла абвяшчаць евангелле ва ўсім свеце і ўсім народам, і звязаным з ёй паняццем празелітызму, у якім абвінавачвалі на працягу апошніх гадоў некаторыя супольнасці Каталіцкі Касцёл. Кардынал Дэ Паоліс адзначыў, што слова “празелітызм”, якое сёння не зусім справядліва набыло пеяратыўнае значэнне, на самой справе падкрэслівае прынцып свабоды мець сувязь з іншымі, у кантэксце тых каштоўнасцяў, у якія чалавек верыць. На думку іерарха, калі хтосьці перакананы, што яго каштоўнасці з’яўляюцца важнымі для ўсіх людзей, “і што ўсе людзі могуць знайсці сэнс свайго жыцця ў гэтых каштоўнасцях”, у выпадку хрысціяніна, іх абвяшчэнне становіцца абавязкам. Канешне, гэта абвяшчэнне не павінна насіць дамінантны характар, падкрэсліў спецыяліст па Кананічным праве. Гэта павінна быць прапанова, а не навязванне, дадаў ён.

Паводле кардынала Веласіа Дэ Паоліс, “Кодэкс кананічнага права не носіць прафетычнага характару ў стасунку да трэцяга тысячагоддзя глабалізацыі, але прапануе тлумачэнне катэгорый, карысных для будучыні”.







All the contents on this site are copyrighted ©.