2013-01-19 10:52:37

Кс. Ламбардзі: трэба абмежаваць колькасць зброі ў свеце


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі станоўча адазваўся аб нядаўняй ініцыятыве 47 рэлігійных лідэраў ЗША, якія звярнуліся з заклікам да кангрэсменаў, абмежаваць продаж зброі ў краіне. У валоданні амерыканцаў знаходзіцца больш за 300 млн. адзінак рознага тыпу зброі, нагадаў кс. Ламбардзі на хвалях Ватыканскага радыё. На яго думку, трэба тэрмінова абмежаваць колькасць зброі ў руках амерыканцаў, каб у будучыні пазбегнуць трагічных забойстваў. Менавіта рэхам звароту прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў сталі, паводле некаторых назіральнікаў, прапановы Прэзідэнта ЗША аб большым кантролі за продажам зброі.

Кс. Ламбардзі адзначыў, што ва ўсім свеце зброя часта выкарыстоўваецца для законнай абароны, але, усё ж, у большасці выпадкаў з’яўляецца прычынай пагрозы, насілля і смерці. Трэба пастаянна нагадваць аб патрэбе раззбраення, абмежавання вытворчасці, продажу і гандлю зброяй любога тыпу, якія вядуцца для нягодных эканамічных інтарэсаў, перакананы прадстаўнік Святога Пасаду. Паводле яго, гэтаму можа паспрыяць падпісанне міжнародных канвенцый па непрымяненні супрацьпяхотных мін і скарачэнні ядзернай зброі.

“Мір нараджаецца ў сэрцы, але лягчэй будзе дасягнуць яго, калі ў нашых руках будзе менш зброі”, - заключыў кс. Ламбардзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.