2013-01-19 12:07:45

Бэнэдыкт XVI: дабрачынныя арганізацыі павінны праяўляць пільнасць і крытычны падыход


RealAudioMP3 Святы Айцец сустрэўся 19 студзеня з удзельнікамі пленарнай асамблеі Папскай рады “Cor Unum”. Папа нагадаў аб сціслай сувязі, якая існуе паміж любоўю і ісцінай, верай і міласэрнасцю. Паводле яго, быццё хрысціянінам “атрымлівае свой сэнс ад веры, як сустрэчы з любоўю Хрыста, Які прапануе новы гарызонт і надае вырашальны напрамак жыццю”. “Фундамент і форма хрысціянскай любові – гэта вера”, - перакананы Бэнэдыкт XVI. Менавіта ў гэтым адметнасць хрысціянскай дабрачыннасці – грунтуючыся на прынцыпах веры, яна дэманструе “пункт гледжання Бога”, яго праект адносна чалавека. У кожную эпоху, калі чалавек не прымаў гэтага праекту, ён станавіўся ахвярай і нявольнікам “культурных спакус”, заўважыў Папа. Тут ён узгадаў ідэалогіі апошніх стагоддзяў, якія прапаведвалі культ нацыі, расы, а таксама агрэсіўны капіталізм “з яго культам прыбытку, наступствам якога сталі крызісы, няроўнасць і беднасць”. Гэта ўсё падштурхоўвае сучасных хрысціян да працы “на карысць сапраўднай цывілізацыі, цывілізацыі любові”, адзначыў Святы Айцец.

Бэнэдыкт XVI з непакоем заўважыў, што і наш час, на жаль, “ведае негатыўныя праявы, якія кідаюць цень на Божы план. У сучасным свеце ўсё яшчэ раздаецца рэха “старажытнага геданістычнага матэрыялізму” спалучанага з “тэхналагічным праметэізмам”. “Ад саюза паміж матэрыялістычным погляд на чалавека і вялікім развіццём тэхналогій узнікае антрапалогія ў сваёй сутнасці атэістычная”, - заўважыў Пантыфік. Яе небяспека ў тым, што чалавек у ёй “зводзіцца да аўтаномных функцый”; ён, пазбаўлены душы, асабістых адносін са Створцам, можа дазволіць сабе на любыя эксперыменты. У такой сітуацыі, “усё, што тэхнічна магчыма, становіцца законным, кожны эксперымент з’яўляецца прымальным, любая палітыка ў галіне народанасельніцтва дазволенай, любыя маніпуляцыі ўзаконенымі”, - заўважыў з занепакоенасцю Папа. Самым небяспечным у гэтым усім з’яўляецца “абсалютызацыя чалавека”, тое, што “чалавек хоча быць абсалютам, вызваленым ад любога закону і любой натуральнай канстытуцыі”, - падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Гэта радыкальнае адмаўленне з боку чалавека яго “створанасці і сыноўства” заканчваецца драматычнай адзінотай апошняга, заўважыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што каталіцкія дабрачынныя арганізацыі павінны праяўляць пільнасць і здаровы крытычны падыход, і адмаўляцца ад фінансавання і партнёрства з тымі, хто не прымае хрысціянскай антрапалогіі, якая палягае на пашане годнасці асобы і яе сціслай камуніі з Богам, на прызнанні ўнікальнасці кожнага чалавека.

Бэнэдыкт XVI падзякаваў прадстаўнікам дабрачынных арганізацый з усяго свету за іх дзейнасць, падставай якой з’яўляецца намаганне захаваць або вярнуць годнасць кожнага чалавека.







All the contents on this site are copyrighted ©.