Кардынал Кох: пагадзіцца адносна мэты экуменічнага падарожжа
На вялікае экуменічнае
значэнне ІІ Ватыканскага Сабору звянуў увагу кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады
спрыяння хрысціянскаму адзінству. У сваім артыкуле на старонках “L’Osservatore Romano”
з нагоды пачатку Тыдня малітвы за адзінства хрысціян, іерарх падкрэсліў, што тэма
экуменізма была для Сабора не другаснай, а адной з цэнтральных. Ён нагадаў пазіцыю
Паўла VI, які лічыў экуменізм лейтматывам Сабора. “Папа падкрэсліваў, што экуменічнае
збліжэнне паміж хрысціянамі і падзеленымі Цэрквамі з’яўляецца адной з галоўных мэтаў,
больш за тое – духоўнай драмай, з прычыны якой Сабор быў скліканы”, - напісаў кардынал
Кох. Гаворачы пра фундаменты экуменізму, іерарх адзначыў важнае значэнне ўзаемнага
прызнання хросту. Але адначасова ён звярнуў увагу на невырашанае галоўнае пытанне
экуменічнага дыялогу – аб адносінах паміж Паўсюдным Касцёлам і асобнымі Цэрквамі і
касцёльнымі супольнасцямі. “Неабходнасць такога эклезіялагічнага высвятлення пакуль
не прывяло да задавальняючай экуменічнай згоды, але наадварот, зрабіла глыбокую праблему
яшчэ больш відавочнай”, - адзначыў кардынал Кох. “Паколькі розныя эклезіялогіі маюць
рознае разуменне экуменізму, сапраўдная дылема сучаснай экуменічнай сітуацыі заключаецца
ў тым, што мы яшчэ не пагадзіліся адносна значэння самаго экуменізма і яго мэты”,
- падкрэсліў іерарх. Гэта, на яго погляд, “уяўляе сабой вялікі выклік”, таму што,
ідучы не акрэсліўшы супольнага шляху, можна не набліжацца, але, наадварот – “аддаляцца
яшчэ больш, адно ад аднаго”. “Каб не дапусціць гэтага, сёння тэрмінова неабходна па-новаму,
у святле веры, пачаць разважанне аб накірунках, якія павінна мець экуменічнае падарожжа”,
- лічыць кардынал Кох.
Іерарх папярэдзіў, што такое разважанне можа стаць больш
складаным у кантэксце плюралістычнага і рэлятывісцкага духу пост-мадэрнісцкай эпохі,
“які распаўсюдзіўся таксама і ў хрысціянстве”. На яго думку, пошук адзінства павінен
працягвацца нягледзячы на дамінуючую культуру, таму што еднасць – гэта “фундаментальная
катэгорыя хрысціянскай веры”.