2013-01-17 10:59:59

Кардынал Сара: недахоп Бога выклікае вялікія пакуты ў свеце


RealAudioMP3 Самыя вялікія пакуты чалавека выкліканы адсутнасцю ў яго жыцці Бога. У гэтым глыбока перакананы кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum” – ватыканскай дыкастэрыі, якая каардынуе дабрачынную дзейнасць Каталіцкага Касцёла. Напярэдадні яе пленарнага пасяджэння, якое пройдзе 17-19 студзеня на тэму “Любоў, новая этыка і хрысціянская антрапалогія”, іерарх падзяліўся з “L’Osservatore Romano” сваімі думкамі адносна некаторых актуальных пытанняў. Кардынала Сара прызнаўся, што сам, будучы афрыканцам, на “асабістай скуры” адчуў наступствы дзейнасці так званых дабрачынных арганізацый, якія не раздзяляюць хрысціянскіх каштоўнасцяў. Паводле яго, гуманітарная дапамога афрыканскім краінам часта звязана з двума сферамі: кантролем за нараджальнасцю і развіццём так званых “новых правоў”, распаўсюджаных у Заходняй Еўропе. У сувязі з гэтым, на яго думку, народу наносіцца падвоеная шкода: з аднаго боку, яна звязана з невырашэннем эканамічных праблем, а з іншага, са спробамі навязаць культурныя мадэлі, якія не адпавядаюць афрыканскай ментальнасці і рэальным цяжкасцям.

Іерарх расказаў, што каталіцкія дабрачынныя арганізацыі ў гэтым кантэксце могуць зрабіць свой адмысловы ўклад. “Хрысціянства мае станоўчыя прапановы, калі ўлічыць, што ўся канцэпцыя годнасці чалавека, з’яўляецца, па-сутнасці, плёнам хрысціянскага адкрыцця”, - сказаў кардынал. Ён падкрэсліў, што сёння Касцёл можа прапанаваць свету вобраз “чалавека адкрытага на Бога і бліжняга, чалавека не засяроджанага на самім сабе і ўласных правах, але адкрытага на дар любові”. “Гэта можа вельмі моцна дапамагчы нашаму чалавечаму суіснаванню”, - выказаў перакананне кардынал Сара, бо інакш “недахоп таго хлеба, якім з’яўляецца Бог, выклікае вялікія пакуты ў свеце”, - дадаў ён.








All the contents on this site are copyrighted ©.