2013-01-15 11:32:30

Юрыст: Ватыкан не хоча быць “анклавам унутры Італіі”


RealAudioMP3 Заканадаўства Дзяржавы Ватыкан імкнецца да больш цеснай інтэграцыі ў міжнародную прававую сістэму. Аб гэтым заявіў вядомы італьянскі юрыст Пьерфранчэска Гроссі, другі прамотар Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан. Ва ўмовах глабалізацыі прававога жыцця ў Ватыкана існуе жаданне ператварыцца з “анклаву ўнутры Італіі” у анклаў унутры ЕС, заявіў італьянскі юрыст. У прыватнасці, ён спаслаўся на новыя ватыканскія нормы ў барацьбе з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму. 2012 год быў для заканадаўчай сістэмы Ватыкана вельмі “працаёмкім і напружаным”. У прыватнасці, Гроссі спаслаўся на справу “Vatileaks” і судовы працэс, звязаны з крадзяжом канфідэнцыйных дакументаў. Раследаванне ў гэтай справе яшчэ працягваецца. Ватыканскае правасуддзе павінна ўлічваць той факт, што кожны год ад 18 да 20 мільёнаў чалавек уваходзіць на тэрыторыю невялікай дзяржавы, сказаў Гроссі. Высокая колькасць злачынстваў у параўнанні з колькасцю жыхароў звязана з вялікім наплывам наведвальнікаў у дзяржаву-горад, і датычыць, у падаўляючай большасці, менавіта іх, падкрэсліў адвакат.

У 2012 г. у Ватыкане было разгледжана 807 грамадзянскіх і 163 крымінальныя справы, паведаміў ватыканскі юрыст. Было накіравана пяць судовых запытаў з Італіі і адзін з Польшчы. Усе яны былі задаволены ватыканскімі юрыдычнымі органамі.

Паводле Гроссі, міжнароднае супрацоўніцтва павінна ўключаць таксама пытанні інфармацыі і расследаванняў. Прыкладам таму з’яўляецца членства Ватыкана з 2008 г. у “Інтэрполе”. Далейшымі крокамі павінна стаць далучэнне дзяржавы-горада да “Еўраполу” і “Еўраюсту” для больш шчыльнага супрацоўніцтва з ЕС.

Юрыст заявіў таксама, што ў 2012 г. у Ватыкане было зарэгістравана 2 хрышчэнні і 190 сужэнстваў. Менавіта шлюбы асоб без ватыканскага грамадзянства нараджаюць, паводле яго слоў, шмат пытанняў, звязаных з касцёльным і міжнародным прыватным заканадаўствамі.







All the contents on this site are copyrighted ©.