2013-01-15 12:30:33

Прадстаўнік Святога Пасаду здзіўлены рэакцыяй Банка Італіі


RealAudioMP3 Дырэктар Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду Рэнэ Брульхарт заявіў, што не разумее, чаму Банк Італіі з 1 студзеня заблакаваў плацяжы па крэдытных картах у Дзяржаве Ватыкан. Дзясяткі тысяч турыстаў па гэтай прачыне вымушаны плаціць толькі наяўнымі для ўваходу ў Ватыканскія музеі, што выклікае нязручнасці. Тэрміналы абслугоўвае італьянскі філіял нямецкага “Deutsche Bank”, дзе свой рахунак трымае Інстытут рэлігійных спраў (Ватыканскі банк).

Банк Італіі выключэнне тэрміналаў матываваў тым, што паколькі Ватыкан не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз, ён не атрымлівае неабходнай інфармацыі аб руху грошай на ватыканскай тэрыторыі. У выпадку банкаўскай дзейнасці Інстытуту рэлігійных спраў няма магчымасці выкарыстоўваць спрошчаную сістэму кіравання, якая ўжываецца ў банках ЕС, якія могуць не інфармаваць аб імёнах кліентаў, ад імя якіх гэтыя аперацыі выконваюцца, патлумачыў Банк Італіі. Такім чынам, італьянскі цэнтральны банк хоча ведаць больш пра канчатковых атрымальнікаў сум, якія праходзяць праз тэрміналы ў Ватыкане. Парадаксальна, аднак, што пасля закрыцця тэрміналаў, усе плацяжы працягваюць выконвацца наяўнымі і ніхто не выстаўляе падобных патрабаванняў, заўважае французская “La Croix”.

Трэба адзначыць, што Святы Пасад прайшоў 4 ліпеня 2012 г. трэці этап ацэнкі заканадаўства па барацьбе з адмываннем грошай, зробленай “Moneyval”. Апостальскай Сталіцай выконваюцца “9 з 16 ключавых рэкамендацый”, і таму яе дзейнасць “не падлягае ніякім абмежаванням з боку любой краіны або міжнароднай арганізацыі”, - заўважыў Рэнэ Брульхарт. Ні адна краіна не прыняла такіх мераў, дадаў ён. Пасля заключэння пагаднення ў 2012 г. аб празрыстасці фінансавых аперацый з Бельгіяй і Іспаніяй, вядуцца перамовы з больш чым 20 іншымі краінамі, паведаміў фінансіст.

Чаму Банк Італіі больш суровы, чым “Moneyval”? - пытаецца кіраўнік Бюро фінансавай інфармацыі Святога Пасаду. Ён адзначае, што Ватыкан хоча стаць членам “Групы Эгмант” – міжнароднай сеткі абмену фінансавай інфармацыяй, у якую ўваходзіць 130 краін свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.