2013-01-14 09:24:38

Папа перад "Анёл Панскі": адрадзіцца да новага жыцця праз хрост (поўны тэкст)


RealAudioMP3 "Быць хрысціянінам значыць выбіраць шлях пакоры і адказнасці, але такое жыццё звязана таксама з адраджэннем, якім з’яўляецца Хрост, які Хрыстус даў Касцёлу, каб адрадзіць людзей да новага жыцця", - сказаў 13 студзеня Бэнэдыкт ХVI перад традыцыйнай нядзельнай малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра. Звяртаючыся да сабраных вернікаў, Святы Айцец сказаў, што сёння раніцай меў радасць ўдзяліць сакрамэнт хросту вялікай групе дзяцей, якія нарадзіліся ў апошнія тры-чатыры месяцы. “Дарагія браты і сёстры – прывітаў вернікаў Папа - У гэтую нядзелю пасля ўрачыстасці Аб’яўлення Пана завяршаецца літургічны перыяд Божага Нараджэння: час святла, святла Хрыста, які як новае сонца з’явіўся на даляглядзе чалавецтва, рассейвае цемру зла і невуцтва. Сёння мы адзначаем свята Хросту Пана: гэтае Дзіця, сына Панны Марыі, якую мы сузіралі ў таямніцы Яго нараджэння, сёння мы бачым Яго дарослым, калі занураецца ў водах ракі Ярдана, і асьвячае ўсе воды і ўвесь космас - пра што сведчыць ўсходняя традыцыя. Але чаму Езус, у якога не было ні ценю граху, ідзе хрысціцца ў Яна? Таму, што хоча зрабіць гэты жэст пакаяння і навяртання, разам з многімі людзьмі, якія хацелі, такім чынам, падрыхтавацца да прыходу Месіі? Гэты жэст - які дае пачатак публічнаму жыццю Езуса, пра што сведчаць усе евангелісты - прымае тую ж самую лінію Уцелаўлення, зыходу Бога з вышынь Нябёсаў да бездані пекла. Сэнс гэтага ўчынку Божага прыніжэння можна выказаць адным словам: любоў, якая з’яўляецца іменем самога Бога. Апостал Ян піша: “Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго і паслаў Сына свайго як уміласціўленне за грахі нашыя ( 1 Ян 4,9-10). Менавіта таму першы публічны акт Езуса заключаўся ў прыняцці хросту з рук Яна, які, убачыўшы Яго, сказаў: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету” (Ян 1,29).

Евангеліст Лука распавядае, што калі Езус прыняўшы хрост, “маліўся,
раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і
быў голас з неба: “Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я” ( 3,21-22). Гэты Езус ёсьць Сынам Божым, які цалкам занурыўся ў волі любові Айца. Гэты Езус ёсьць Той, Які памрэ на крыжы і ўваскрэсне сілаю таго ж самага Духа, які зараз зыходзіць на Яго, і Яго асьвячае. Гэты Езус гэта новы чалавек, які хоча жыць як Сын Бога, значыць у любові; чалавек, які, ў аблічы зла ў свеце, выбірае шлях пакоры і адказнасці, вырашыў збавіць не сябе самога, але аддаць сваё жыццё дзеля праўды і справядлівасці. Быць хрысціянінам азначае так жыць, але такое жыццё звязана з адраджэннем: адрадзіцца з вышынь, праз Бога, праз Ласку. Гэтым адраджэннем з’яўляецца Хрост, які Хрыстус даў Касцёлу, каб адрадзіць людзей да новага жыцця. Кажа адзін са старажытных тэкстаў, які прыпісваецца святому Іпаліту: “Той, хто зыйдзе з верай да гэтай купелі адраджэння, адмаўляецца ад д’ябла і стаіць па баку Хрыста, адмаўляецца ад ворага і прызнае тое, што Хрыстус з’яўляецца Богам, вызваляецца з няволі і прымае прыбранае боскага сыноўства” (Discorso sull’Epifania, 10: PG 10, 862).

Паводле традыцыі, сёння раніцай я меў радасць хрысціць вялікую групу дзяцей, якія нарадзіліся ў апошнія тры-чатыры месяцы. Зараз я хацеў бы працягнуць маю малітву і благаслаўленне на ўсіх нованароджаных дзяцей; але асабліва хачу заклікаць ўсіх успомніць свой хрост, тое духоўнае адраджэнне, якое адкрыла нам шлях да вечнага жыцця. Няхай кожны хрысціянін, у гэтым Годзе веры, адкрые нанава прыгажосць таго, што ён нарадзіўся з вышынь, дзякуючы любові Бога, і жыць так, як Яго сапраўднае дзіця.

Пасля марыйнай малітвы Бэнэдыкт ХVI нагадаў, што сёння адзначаецца Сусветны Дзень мігрантаў і бежанцаў. Папа адзначыў, што ў сваім пасланні на гэты дзень ён параўнаў міграцыі з “пілігрымкай веры і надзеі”. “Той, хто пакідае сваю зямлю, робіць гэта таму, бо спадзяецца на лепшую будучыню, але гэта робіць таксама таму, бо давярае Богу, Які кіруе дзеяннямі чалавека, як кіраваў Абрагам”, - сказаў Папа. Паводле Пантыфіка таму мігранты з’яўляюцца носьбітамі веры і надзеі ў свеце. Папа прывітаў каталіцкія супольнасці мігрантаў, якія прысутныя ў Рыме , прадстаўнікі якіх былі на плошчы св. Пятра.








All the contents on this site are copyrighted ©.