2013-01-14 13:30:38

Бэнэдыкт XVI да італьянскай паліцыі: сведчыце аб любові Божай ва ўсіх асяродках


RealAudioMP3 14 студзеня Бэнэдыкт XVI сустрэўся з супрацоўнікамі аддзялення італьянскай паліцыі, якая сочыць за парадкам на плошчы св. Пятра, тэрыторыі вакол Ватыкана і арганізуе бяспеку Пантыфіка падчас яго падарожжаў па Італіі. Візіт паліцэйскіх, а таксама членаў іх сем’яў, да Святога Айца пасля свята Божага Нараджэння, з’яўляецца даўняй традыцыяй. Падчас такіх сустрэч Папа дзякуе ахоўнікам парадку за адданую службу, а таксама прапануе некалькі разважанняў аб значэнні веры ў працоўным і асабістым жыцці. Сённяшняя аўдыенцыя не стала выключэннем. Бэнэдыкт XVI адзначыў высокі прафесіяналізм, з якім паліцэйскія выконваюць свае абавязкі, асабліва “падчас маніфестацый вернікаў і пілігрымаў, што прыбываюць з усяго свету, каб сустрэцца з Наступнікам св. Пятра і наведаць магілу Князя Апосталаў”, а таксама, каб памаліцца каля магіл іншых Папаў, у першую чаргу бл. Яна Паўла ІІ. Святы Айцец падкрэсліў, што ўзорная служба паліцэйскіх, сведчыць аб “добрых адносінах, якія існуюць паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай”.

“Ад усяго сэрца жадаю, каб ваша праца, якая часам звязана з ахвярнасцю і рызыкай, заўсёды натхнялася моцнай хрысціянскай верай, якая без сумненняў з’яўляецца самым каштоўным духоўным скарбам, што быў перададзены вам ў вашых сем’ях і які вы пакліканы перадаць сваім дзецям. Год веры, які перажывае ўвесь Касцёл, з’яўляецца магчымасцю таксама для вас звярнуцца да паслання Евангелля і дазволіць яму глыбока ўвайсці ў вашы сумленні і штодзённае жыццё, з адвагай даючы сведчанне аб любові Божай ва ўсіх асяродках, таксама і на вашай працы”, - сказаў Папа.

Бэнэдыкт XVI таксама пажадаў, каб праца паліцэйскіх была гарантыяй парадку і спакою, якія з’яўляюцца фундаментальнымі для мірнага і споўненага сацыяльнага жыцця. Спакой і парадак, паводле Папы, акрамя таго, што з’яўляюцца плёнам евангельскага паслання, таксама – знакам сапраўднай цывілізаванасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.