2013-01-12 13:10:16

Кардынал Вэльё: каля 1 млрд. чалавек мелі міграцыйны досвед


RealAudioMP3 Закрыццё межаў не з’яўляецца адказам на нелегальную эміграцыю, таму што спрыяе кантрабандзе і гандлю людзьмі. Аб гэтым расказаў кардынал Антоніо Марыя Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano”. З нагоды Сусветнага дня мігранта і бежанца, які будзе адзначацца 13 студзеня, іерарх асудзіў драматычную сітуацыю ў Сірыі і заклікаў СМІ спрыяць фарміраванню такога погляду на эміграцыю, які не будзе ўмацоўваць страх ці крыміналізаваць людзей вымушаных пакідаць свае родныя краіны. Гаворачы пра сітуацыю ў Сірыі кардынал Вэльё падзяліўся некаторымі статыстычнымі дадзенымі адносна колькасці бежанцаў. Паводле іерарха, яна расце вельмі хуткімі тэмпамі: калі ў маі 2012 г. было каля 70 тыс. бежанцаў, то ў канцы года, іх колькасць дасягнула ўжо 525 тыс. чалавек. Кардынал адзначыў, што гэта лічба падвоіцца, значыць дасягне 1 млн. чалавек да сярэдзіны 2013 г.
Адначасова кардынал Вэльё падкрэсліў, што бліжэйшыя да Сірыі краіны, такія як Іарданія, Ліван, Турцыя, Ірак і Егіпет прынялі шмат бежанцаў, але сродкаў на іх утрыманне не хапае, таму важнай з’яўляецца дапамога ўсёй міжнароднай супольнасці.

Таксама кардынал Вэльё расказаў пра праблемы міграцыі ў глабальным маштабе. Паводле яго, сёмая частка насельніцтва планеты, каля 1 млрд. чалавек, мела міграцыйны досвед. У сувязі з гэтым ён заклікаў грамадствы спрыяць лепшай інтэграцыі эмігрантаў і бежанцаў, быць больш гасціннымі і адкрытымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.