2013-01-12 08:50:09

Бэнэдыкт ХVI падзякаваў ватыканскім жандармам і пажарнікам за іх службу


RealAudioMP3 11 студзеня Бэнэдыкт ХVI сустрэўся з афіцэрамі ватыканскай жандармерыі і пажарнай службы. Святы Айцец адзначыў іх прафесіяналізм, з якім нясуць сваю службу. Пантыфік нагадаў, што служба кожнага жандарма патрабуе шмат ветлівасці і сардэчнасці, з якімі ён павінен прымаць пілігрымаў і турыстаў, што прыбываюць у Рым і Ватыкан. “Гэта праца нагляду і кантролю, якую вы выконваеце са стараннасцю і руплівасцю, з’яўляецца , безумоўна, значнай і далікатнай: яна патрабуе шмат цярпення, настойлівасці і гатоўнасці слухаць іншых”, - заўважыў Папа і дадаў, што дзякуючы ёй у Ватыкане могуць спакойна і бяспечна адбывацца ўсе мерапрыемствы. Пантыфік пажадаў прадстаўнікам жандармерыі і пажарнай службы, каб іх адмысловае служэнне ў сэрцы хрысціянства, куды штодня безупынна прыбываюць натоўпы вернікаў на сустрэчу з Наступнікам св. Пятра, спрыяла ўмацаванню духоўнага вымярэння іх жыцця і паглыбленню веры. Святы Айцец заклікаў афіцэраў адважна сведчыць сваю веру ў любым асяроддзі. “У гэтым дапамогай вам павінен стаць Год веры, які мы цяпер адзначаем: гэта прывілеяваная нагода, каб адкрыць, колькі радасці ўтрымлівае вера, і абвяшчаць іншым пра тое, што сустрэча з Богам рэалізуе найбольш глыбокія памкненні чалавека да міру, братэрства і любові”, - сказаў на заканчэнне Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.