2013-01-12 11:56:50

Беларусь: католікі і праваслаўныя адзначылі 1150-годдзе стварэння славянскага алфавіту


RealAudioMP3 Беларусь першай пачала адзначаць юбілей славянскага пісьменства. Менавіта сёлета спаўняецца роўна 1150 гадоў з моманту стварэння славянскага алфавіту св. Мятодам і св. Кірылам. У Інстытуце тэалогіі Белдзяржуніверсітэта, які, дарэчы, носіць імя асветнікаў, праўшоў традыцыйны калядны вечар. Акрамя ўзаемных святкаванняў, святары, выкладчыкі, студэнты – прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла, сабраліся ўшанаваць тых, дзякуючы каму, па сутнасці, хрысціянская вера распаўсюдзілася на тэрыторыі Усходняй Еўропы, адзначыў першы намеснік старшыні Міжнароднага хрысціянскага адукацыйнага цэнтра імя св. Мятода і св. Кірыла Грыгорый Даўгяла.

“Славянскае пісьменства – вялікі кансалідуючы, інтэлектуальны, духоўны фундамент, які аб’ядноўвае шматлікія дзяржавы і народы Еўропы. І па сённяшні дзень славянскія мовы маюць вялікае значэнне для развіцця адносін паміж народамі ў гэтым рыгіёне, а таксама для развіцця дыялогу паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам, а таксама іншымі хрысціянскімі канфесіямі. Бо на гэтай мове моляцца, чытаюць Святое Пісанне вельмі шмат людзей”, - адзначыў намеснік кіраўніка цэнтра.

Св. Мятода і св. Кірыла Касцёл лічыць апекунамі ўсёй Еўропы. Увогуле – гэта тыя постаці, якія аб’ядноўваюць усіх хрысціян. Абапіраючыся на іх Цэрквы могуць выступаць разам супраць розных выклікаў нашага часу. Не здарма бл. Ян Павел ІІ, славянскі Папа, прысвяціў Святым цэлую энцыкліку, нагадаў апостальскі нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. “Святыя Мятод і Кірыл пазналі таямніцу Уцелаўлення. Яны дазволілі Богу гаварыць на мове славян”, - адзначыў ён.

На працягу 2013 г. па ўсёй Еўропе пройдзе шэраг урачыстасцяў, прысвечаных 1150-годдзю стварэння славянскага пісьменства. У Беларусі гэты, юбілейны, год пачаўся з уручэння традыцыйных калядных прэмій – праваслаўнаму святару Георгію Рою за працу ў адстойванні пытанняў біяэтыкі, а таксама выкладчыкам Андрэю Гаранскаму і Святлане Мандрык за стварэнне дапаможніка для свецкіх ВНУ “Біблія як помнік культуры”.

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.